IMG_0214 (Medium)

Яму проста пашанцавала

Актуальное

IMG_0214 (Medium)У першыя гады пасля ўводу савецкіх войскаў у Афганістан абмежаваны кантынгент, якой лічылася 40-я армія, нёс неймаверныя страты тэхнікі і жывой сілы. Тэхнікі, то няварта і шкадаваць, бо яе ў Саюзе на той час скапіласся столькі, што не ведалі, куды дзяваць, асабліва танкаў і бронетранспарцёраў, а вось тое, што ў бой кідалі неабстрэленых хлапчукоў, няхай назаўсёды ляжа цёмнай плямай на душы тых, хто прымаў неабдуманыя рашэнні. І калі дэсантнікі яшчэ мелі пэўныя баявыя навыкі, то мотастралковыя падраздзяленні напачатку 80-х папаўняліся салдатамі, якія і аўтамат правільна трымаць не навучыліся. У ліку апошніх быў і Іван Жданковіч з Замошша.
— Восенню 1980 года я закончыў Відзаўскае ПТВ, дзе атрымаў пасведчанні вадзіцеля аўтамабіля і механізатара, — расказваў былы афганец. — Нават на працу не ўладкоўваўся, бо ведаў: з дня на дзень атрымаю павестку з ваенкамата. Так яно і здарылася, 10 кастрычніка прызвалі на службу.
Асвойваць азы ваеннай навукі І. Жданковічу давялося аж у Туркістанскай ваеннай акрузе ў вучэбным падраздзяленні, якое размяшчалася у г. Казыл-Алрат. Толькі вось баявой вучобай, якая працягвалася ўсяго месяц, ніяк назваць нельга.
— За час, які правёў у вучэбцы, я ўсяго тры разы праехаў на БТР, «наматаўшы» не больш за 30 кіламетраў, — успамінаў мой субяседнік. — Два разы страляў з аўтамата, давалі па 6 патронаў. Не выключэннем былі і ўсе астатнія падраздзяленні. Затым нас даставілі ў Душанбэ, разам з тэхнікай пагрузілі ў транспартны самалёт, у якім стоячы (у транспартніках сядзенні не прадугледжаны, ды і грузавы адсек не ацяпляецца) ляцелі да Кабула, дзе прызямліліся 1 студзеня 1981 года.
На пункце размеркавання маладыя салдаты атрымалі баявую экіпіроўку, далей іх накіроўвалі ў дзеючыя падраздзяленні, але пакуль чарга дайшла да Івана, да строю выйшаў палкоўнік і коратка скамандаваў:
— Беларусы, выйсці са строю.
Разам з Іванам шарэнгу пакінуў яшчэ адзін салдат з Міёрскага раёна. Палкоўнік распытаў, хто адкуль родам, сказаў, што сам ён мінчанін, забірае абодвух на службу ў сваё падраздзяленне, і загадаў садзіцца ў яго машыну.
Не ведаў тады яшчэ малады баец, наколькі яму, неабстрэленаму, з мінімальнымі навыкамі ваджэння БТР, пашанцавала. Толькі, як сам успамінае, вельмі здзівіўся, калі іх камандзір не стаў афармляць ніякія дакументы. Штосці сказаў начальніку размеркавальнага пункта, і той тут жа «ўзяў па казырок».
— Палкоўнік прывёз нас на вялікую вілу, сказаў, што наша служба — гэта начная ахова вілы, а днём будзем вадзіцелямі, — успамінае І. Жданковіч. — Салдат тэрміновай службы там было ўсяго некалькі чалавек. Начамі па чарзе, седзячы ў БТР, пражэктарам кантралявалі выдзелены ўчастак перыметру агароджы вілы, днём на “УАЗе” або на «Ніве» вазілі па Кабуле людзей у цывільным, якія займаліся нейкай інспекцыяй. Наведвалі штабы мясцовай міліцыі, нават турмы. Для выездаў за межы вілы нам таксама выдалі цывільнае адзенне. Скажу так, ні да арміі, ні пасля арміі мне не даводзілася так стыльна адзявацца.
Каго ахоўвалі і вазілі, Іван і сёння канкрэтна не ведае. Здагадваецца, што хутчэй за ўсё гэта былі нашы контрразведчыкі, якія пад відам інспекцыі збіралі неабходную інфармацыю, сустракаліся са сваімі інфарматарамі. Ведаў толькі, што на тэрыторыі вілы базіраваліся дзве спецгрупы пад кодавымі назвамі «Кобальт» і «Каскад».
Цікавы выпадак адбыўся з Іванам пры яго дэмабілізацыі. Калі ў часці, да якой ён быў фактычна прыпісаны, здаваў аўтамат, прапаршчык здзіўлена запытаў: «Адкуль ён у цябе?» Высветлілася, што ні у якіх дакументах не значылася выдача стралковай зброі маладому байцу. Аўтамат ён жа атрымаў у самы першы дзень знаходжання ў Кабуле, але, магчыма, пры той паспешлівасці, калі яго забіраў палкоўнік, пра належнае афармленне забыліся. У ваенным білеце І. Жданковіча, куды заносяцца нумары баявой зброі, запісу так і няма.
— Я часта думаю, — гаварыў на развітанне Іван, — ці застаўся хто жывым з маіх саслужыўцаў па вучэбцы. Усе яны, не падрыхтаваныя да ваенных дзеянняў, трапілі ў баявыя падраздзяленні. І прыходжу да вываду: выжыць маглі толькі адзінкі. Як мне, пашанцавала мала каму.

Аляксандр Азевіч. На здымку І. Жданковіч (злева) са стралком БТРа. Фота з дзембельскага альбома.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.