IMG_9958 (Medium)

Ветлівы чалавек і добразычлівы спецыяліст

Люди

IMG_9958 (Medium)На працягу многіх гадоў гасцінна адчыняе дзверы для сваіх кліентаў аддзяленне №205/51 агр. Опса ААТ “ААБ “Беларусбанк”. І амаль 3 гады наведвальнікаў тут сустракае добразычлівы і ветлівы спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Марыя Чанчына. Маладая дзяўчына ўмее да кожнага кліента знайсці індывідуальны падыход, хутка і якасна выканаць яго патрабаванні.
Часта даводзіцца чуць ад удзячных наведвальнікаў аддзялення толькі добрыя словы пра Марыю. У тым, што дзяўчына высокапрафесійны спецыяліст, не раз пераканалася і на ўласным вопыце. Што і казаць, за 2013 год у кнізе заўваг і прапаноў аддзялення 6 удзячнасцей ад кліентаў.
Пра тое, што будзе калі-небудзь працаваць у банкаўскай сферы, Марыя нават не загадвала. Аднак яшчэ ў школе ў яе праяўлялася схільнасць да лічбаў і разлікаў. І дзяўчына вырашыла паступаць у Пастаўскі каледж на спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”.
Калі вярнулася ў родны аграгарадок, даведалася, што ёсць вакансія спецыяліста аддзялення Беларусбанка. Тады Марыя і вырашыла паспрабаваць сябе на гэтай пасадзе, паспяхова прайшла навучанне, здала экзамен і была прынята на працу.
— Пачынаць, безумоўна, было складана. Спачатку не магла прывыкнуць да такога значнага аб’ёму працы. Але ж я заўсёды адчувала падтрымку з боку кіраўніцтва банка, спецыялістаў суседніх аддзяленняў, — дзеліцца Марыя. — Паступова ўцягнулася ў работу, і зараз не ўяўляю сябе на іншым месцы. У той жа час работа няпростая, у пэўнай ступені нярвовая, нярэдка залежыць ад настрою кліента. Сапраўднае майстэрства — умець імгненна распазнаць чалавека і вызначыць лінію паводзін, застацца спакойным і ўраўнаважаным у любой сітуацыі.
Нягледзячы на тое, што аддзяленне невялікае, тут можна разлічваць на поўны пакет банкаўскіх паслуг: уклады, плацяжы, абмен валют, пераводы па Рэспубліцы Беларусь. Можна застрахаваць аўтамабіль і маёмасць. Словам, усё, што прапануецца ў цэнтральным офісе банка ў райцэнтры, можна зрабіць і тут.
Таму і кліентаў у адзяленні шмат. Кожны дзень здзяйсняецца прыкладна 700-800 аперацый, а бывае гэта лічба даходзіць і да 1000.
Банкаўскі работнік павінен быць сумленным і працаваць у адпаведнасці з законам і інструкцыямі. У Марыі ёсць яшчэ адзін жыццёвы прынцып – просты і зразумелы: заставацца ветлівым і добразычлівым чалавекам у любых абставінах. Магчыма, менавіта ён і прыводзіць да працоўных поспехаў. За першае паўгоддзе 2013 года дзяўчына заняла 2 месца ў конкурсе “Лепшае аддзяленне ЦБП”, а па выніках усяго года ў гэтай жа намінацыі стала пераможцам. У 2013 годзе М. Чанчына стала пераможцам конкурсу “Лепшы спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг” на ўзроўні ЦБП.
Дзяўчына не толькі выдатны спецыяліст на працы, яна яшчэ і актыўны ўдзельнік усіх культурных і спартыўных мерапрыемстваў, якія праводзіць ЦБП. Не раз абараняла гонар сваёй установы на раённых мерапрыемствах.
Прызнанне лепшым па прафесіі ў намінацыі “Лепшы работнік сферы абслугоўвання насельніцтва” стала для Марыі Чанчынай прыемнай навіной. Парадуюцца за яе і кліенты аддзялення.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.