IMG_9845 (Medium)

Паўсядзённыя клопаты Бажэны

Сельские будни

IMG_9845 (Medium)У сакавіку гэтага года аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі свінакомплексу СВК “Маяк Браслаўскі” Бажэна Цясюль можа адзначаць юбілей — 30 гадоў работы ў адным цэху. Дзевятнаццацігадовай дзяўчынкай уладкавалася яна туды на працу і адразу ж трапіла на самы адказны ўчастак работы — даглядаць матачнае пагалоўе. З той пары кожны дзень і прыходзіць у свой цэх №2.
Хто займаўся свінагадоўляй, ведае, што наванароджаныя парасяты, бы малыя дзеці, патрабуюць да сябе павышанай увагі, пастаяннага нагляду. Асабліва шмат часу даводзіцца ўдзяляць ім у першыя дні пасля апаросу свінаматкі. Пільны догляд патрэбен і самой “парадзісе”, асабліва калі яна прыносіць першы прыплод.
Але адна справа дагледзець ва ўласным хлеве свінаматку, прыняць у яе апарос. За Бажэнай жа замацавана 359 свінак матачнага пагалоўя. Зразумела, што цыклічнасць апаросаў строга рэгулюецца. Яна паступова запаўняе станкі супароснымі маткамі, прымае апаросы, праводзіць першасную апрацоўку наванароджаных, разам з ветспецыялістам займаецца вакцынацыяй і вітамінізацыяй. кастрацыяй, абразаннем хвастоў. Два месяцы маладняк знаходзіцца пад яе наглядам. Перад тым, як перадаць яго ў групы дарошчвання, яна адвучае парасят ад падсосу і прывучае да сухога корму. І наколькі эфектыўна спрацуюць аператары па доглядзе свінаматак, у многім залежаць вынікі работы ўсяго комплексу, бо калі дапусцяць вялікі паморак маладняку, адразу пачне зніжацца агульнае пагалоўе. А яго ж трэба трымаць на адным узроўні, а ў некаторыя гады і павялічваць на тысячу-дзве галоў.
У гэтым плане Б. Цясюль са сваімі абавязкамі спраўляецца выдатна. За мінулы год яна атрымала 4010 галоў прыплоду. Паморак жа не перавысіў некалькі дзясяткаў парасят. Калі ўзяць для прыкладу наяўнае пагалоўе цэхаў дарошчвання і адкорму, атрымаецца, што як мінімум кожны чацвёрты падсвінак нарадзіўся і прайшоў праз рукі Бажэны.
— Працаваць з сысунамі даволі складана, — расказвала жанчына. — Гэта цяпер, калі набралася вопыту, магу з першага позірку вызначыць, жыццяздольным нарадзілася парася ці не. А ў першыя гады бывала, прыйду ў цэх, а там 2-3 сысункі нежывыя. Стаяла і плакала, бо лічыла, што загінулі яны з-за майго недагляду. Кожны дзень раілася з больш вопытнымі даглядчыцамі, вучылася ў іх. Сёння ж магу і сама павучыць моладзь усім нюансам нашай работы.
Пад пільным наглядам Бажэны ў 2013 годзе парасяты набралі 27,9 тоны жывой вагі і прырасталі ў суткі па 213 грамаў. Гэта даволі высокі паказчык для парасят да 2-хмесячнага ўзросту. А за ім стаіць паўсядзённы клопат, працавітасць і вопыт Бажэны Цясюль.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.