Надзейны спадарожнік у свеце пакупак

Люди

IMG_9885 (Medium)У магазіне №59 Браслаўскага райпа, што ў агр. Ахрэмаўцы, калі ні зойдзеш, заўсёды радуе вочы разнастайнасць асартыменту, прыгожая выкладка тавару, а яшчэ ветлівыя і культурныя прадаўцы. Сваіх кліентаў яны сустракаюць толькі з усмешкай і словамі “Заходзьце, калі ласка!”.
Працуюць жа ў магазіне яго загадчыца Наталія Мікуцкая і прадавец Аксана Свірыдава. Чны добра разумеюць, што ад таго, як сустрэнеш пакупніка залежыць вынік работы і тавараабарот. Дарэчы, за 2013 год ён склаў 2434,7 млн. рублёў, тэмп росту ў супастаўных цэнах — 127%.
Сваю прафесію жанчыны любяць, таму і справы ў іх заўсёды ладзяцца. Наталія Мікуцкая на пасадзе загадчыцы 4 гады, да гэтага 3 гады працавала ў гэтым жа магазіне прадаўцом, таму добра ведае сваіх пакупнікоў, іх густы. А два гады таму назад, калі на працу прыйшла Аксана Свірыдава, на падставе добрых сяброўскіх адносін склаўся моцны працоўны тандэм.
Магазін даўно знаходзіцца на добрым уліку ў кіраўніцтва райспажыўтаварыства, з удзячнасцю адклікаюцца пра яго работу і пакупнікі. Іх агульная колькасць складае каля 500 чалавек, і кожны дзень у магазін прыходзяць прыкладна 250-260 пакупнікоў, у летні час іх становіцца значна больш. Адным словам, без справы тут не сядзяць.
У магазіне №59 рэалізуюць харчовыя і гаспадарчыя тавары. Таму ў даволі невялікім памяшканні ніводная паліца не пустуе, наведвальнікі маюць магчымасць выбіраць з вялікага асартыменту.
— Акрамя прадуктовых тавараў, карыстаюцца попытам будаўнічыя матэрыялы, буйнагабарытныя тавары: маразільнікі, пральныя машыны і іншае, — расказвае пра асаблівасці працы Наталія Чаславаўна. — Адным словам, усё што жадаюць набыць вяскоўцы. Навошта людзям траціць час і сілы, каб дабірацца ў горад, калі можна заказаць тавар на месцы. У 2013 годзе мы актыўна працавалі з пайшчыкамі, многа прадавалі тавараў па працэнтных і беспрацэнтных крэдытах. Дарэчы, некаторыя з іх можна кожны месяц аплачваць у самім магазіне. А гэта вельмі зручна. Акрамя таго, мы пільна сочым за асартыментам, каб не залежваліся старыя тавары, а прадукты былі заўсёды свежыя. Пастаянна вывучаем попыт кліентаў, прыслухоўваемся да іх пажаданняў.
Безумоўна, гэта характырызуе калектыў толькі з лепшага боку і сведчыць, што ў сваю работу жанчыны і сапраўды ўкладваюць часцінку душы. “Сустракаем з усмешкай — праводзім з пакупкай” — гэтыя словы лічаць сваім дэвізам ветлівыя прадаўцы. Таму і пакупнікоў тут заўсёды хапае.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *