Магія і музыка лічбаў

Люди

IMG_8059 (Small)Пры словах бухгалтэрыя, бухгалтар хутчэй за ўсё ўяўляеш сабе нудны кабінет з хмурнымі людзьмі, якія штосьці ліхаманкава лічаць на калькулятарах і мітусліва перакладаюць паперкі. Але ж сучасныя спецыялісты гэтай прафесіі зусім не адпавядаюць ужо састарэламу стэрэатыпу. У гэтым яшчэ раз упэўнілася падчас сустрэчы з намеснікам галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі райвыканкама Ірэнай Шакель.
Больш за 20 гадоў таму назад Ірэна Сігізмунтаўна ўладкавалася ў гэтую ўстанову, якую, як прызнаецца, ні на што не прамяняла б.
— Спачатку было складана, — успамінае свае першыя працоўныя крокі І. Шакель, — бо не заўсёды ўдавалася хутка справіцца з вялікім аб’ёмам лічбавай інфармацыі.
Тым не менш жанчына не разгубілася ў моры лічбаў. Уважлівая і настойлівая, з дапамогай свайго настаўніка Валянціны Крушынінай, яна ўпарта спасцігала ўсе нюансы бухгалтарскага ўліку, які нездарма называюць магіяй і музыкай лічбаў.
Справа гэта сапраўды скрупулёзная, і памылкі ў ёй недапушчальныя. Таму дакладнасць, уважлівасць, уменне аналізаваць і канцэнтравацца — асноўныя рысы бухгалтара. Менавіта такімі якасцямі і валодае І. Шакель, таму праз восем гадоў работы ў аддзеле адукацыі ёй прапанавалі пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Безумоўна, разам з новым назначэннем прыбавілася больш і адказнасці, але ў жанчыны атрымліваецца спраўляцца з улікам фінансавання і кантролем над бюджэтнымі выдаткамі для ўстаноў адукацыі. Пры гэтым яна цярпліва дапамагае кіраўнікам школьных і дашкольных устаноў разбірацца ў фінансавых падліках. А калі неабходна, можа прыйсці на працу і ў выхадныя, і ў святочныя дні, бо не любіць пакідаць работу не закончанай.
Даўно сышоў у мінулае той час, калі памочнікамі ў рабоце бухгалтара з’яўляліся лічыльнікі ды калькулятары. З прыходам камп’ютарных тэхналогій і праграм, кажа Ірэна Сігізмундаўна, працаваць стала лягчэй. Але ці здымае гэта адказнасць з плячэй людзей, якія прымаюць фінансавыя рашэнні. Зусім не. Да таго ж, каб павысіць свой прафесійны ўзровень, жанчына пастаянна знаёміцца з новымі нарматыўнымі дакументамі і законамі. Па сваім вопыце жанчына добра ведае, як складана пачынаць прафесійны шлях, таму, калі да яе звяртаюцца па дапамогу маладыя спецыялісты, яна заўсёды падрабязна патлумачыць і дапаможа вырашыць складаныя пытанні.
Кампетэнтнасць і аператыўнасць бухгалтара не засталіся не заўважанымі кіраўніцтвам аддзела адукацыі, які прапанаваў раённай камісіі прызнаць яе лепшай па прафесіі ў намінацыі «Лепшы работнік бухгалтарскай або эканамічнай службы».
Але не работай адзінай жыве Ірэна Сігізмундаўна. Пасля працоўнага дня яна спяшаецца дамоў, дзе яе чакаюць любімыя муж і сын.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *