IMG_8046 (Small)

Гаспадыня лесу

Актуальное

IMG_8046 (Small)Казянскае лясніцтва, тэрыторыя якога больш за 5 тысяч га, не самае вялікае ў раёне, але самае аддаленае ад райцэнтра. Гаспадыняй тут вось ужо пяць гадоў з’яўляецца адзіная ў раёне жанчына-ляснічы Алена Буяльская.
Абаяльная, ветлівая і жыццярадасная Алена Тадэўшаўна з першых хвілін знаёмства выклікае прыхільнасць да сябе. А пра работу лясніцтва ўмее расказаць так, што проста заслухаешся. Таму, безумоўна, першае пытанне, якое ўзнікае, чаму яна абрала не зусім жаночую прафесію і вырашыла звязаць свой лёс менавіта з лясной гаспадаркай.
— Нарадзілася я ў в. Дубраўка. Мясціны ў нас тут цудоўныя і ўнікальныя, я заўсёды з асаблівым пачуццём да іх адносілася, любіла прыроду. Сярод яе праходзіла і маё дзяцінства, бо бацькі ўсё жыццё прысвяцілі працы ў лясной гаспадарцы, — расказвае Алена. — Мы з братам бачылі перад сабой выдатны прыклад адказнага выканання сваіх абавязкаў, клопату пра прыроду. Таму і я, і брат вырашылі звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай. Атрымалася сапраўдная дынастыя.
Пасля школы дзяўчына ўпэўнена падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Лясная гаспадарка”. Гады вучобы праляцелі непрыкметна, і малады спецыяліст з дыпломам на руках вярнулася ў родную в. Дубраўку. Як прызнаецца Алена Тадэўшаўна, нават сумненняў не было, дзе пачынаць працаваць. Родныя мясціны, такая знаёмая і любімая прырода вабілі дадому. Адукаванага спецыяліста з радасцю прынялі ў калектыў Казянскага лясніцтва.
З таго самага першага працоўнага дня, калі А. Буяльская пераступіла парог лясніцтва, прайшлі амаль 23 гады. Але ні на адно імгненне яна не расчаравалася ў сваёй працы, не ўзнікла думка, каб змяніць яе ці пераехаць у іншае месца. За гэтыя гады жанчыне давялося працаваць і майстрам, і бухгалтарам, з 2009 года Алена Тадэўшаўна — ляснічы Казянскага лясніцтва. На сённяшні дзень яна кіруе ў асноўным мужчынскім калектывам з 15 чалавек. Разам з імі з раніцы да вечара працуе ў лесе.
Пра сваю рботу жанчына можа цікава расказваць гадзінамі. Тэрыторыя лясніцтва ўнікальная, таму складаная для працы. Тут шмат забалочаных мясцін, у якія дабрацца не так і проста. Таму работнікі перамяшчаюцца па лесе пераважна пешшу. Затое багата ягад і грыбоў, ды і дзікую жывёлу сустрэць магчыма кожны дзень. Гісторый нечаканых спатканняў са зверам у ляснічага шмат. Убачыўшы маё здзіўленне Алена Буяльская паспяшыла пераканаць, што зверы адносяцца да іх, як да сваіх, і ніколі не рухаюць. Да таго ж бывае так, што група працуе на лесанарыхтоўцы, а ласі стаяць побач у чаканні свежай кары.
Лесанарыхтоўка, пасадка лясных культур, прафілактычныя супрацьпажарныя мерапрыемствы, ахова лесу, гэтым займаецца Казянскае лясніцтва. Надзейныя памочнікі ляснічага — вопытныя супрацоўнікі і адданыя прафесіі людзі З. Драбовіч, Я. Пучынскі, С. Жыгалка, М. Ціўнель, С. Лаўрыновіч, М. Пяткун. Памочнікам ляснічага працуе і муж Алег Буяльскі. Увогуле ж жанчына зазначала, што без дружнага калектыву, у якім заўсёды прыйдуць адзін другому на дапамогу, не было б і яе перамог. У 2010 годзе А. Буяльская атрымала Падзячнае пісьмо ад Кіраўніка спраў Прэзідэнта РБ. Сёлета ж яна прызнана лепшай па прафесіі ў намінацыі “Ахова навакольнага асяроддзя і лясная гаспадарка”.
А яшчэ яна маці траіх цудоўных дзяцей і ўладальніца прэміі З. Тусналобавай-Марчанкі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.