Дарогі пад пільнай увагай

Актуальное

_MG_7979 (Small)Першае, з чым сутыкаецца чалавек, калі прыязджае ў новую мясціну, — гэта дарогі, а іх стан — паказчык работы дарожнай службы.
На балансе ДЭУ-34 РУП «Віцебскаўтадар» 230 км дарог, якія праходзяць па тэрыторыі Браслаўскага (120 км), Шаркаўшчынскага і Міёрскага раёнаў.
Трэба адзначыць, што арганізацыя абслугоўвае толькі дарогі рэспубліканскага прызначэння. Да горада і іншых населеных пунктаў дарожнікі ДЭУ-34 ніякага дачынення не маюць.
Як адзначыў начальнік Уладзімір Аніськоў, за мінулы год калектыў дарожнага рамонтна-эксплуатацыйнага ўпраўлення выканаў аб’ём работ на суму 17866 млн. руб., што складае 100,8 % даведзенага плана.
Безумоўна, гэтых грошай на якасны і дасканалы рамонт дарожнага палатна недастаткова, таму супрацоўнікі дарожнай службы пры ўсім сваім жаданні не могуць прывесці адразу ўсе дарогі да належнага стану.
Тым не менш заасфальтавана 4-хсантыметровым слоем 2,2 км праблемнай дарогі перад агр. Опса, праведзены паверхнявы рамонт на трохкіламетровым участку паміж Гайлешамі і Ахрэмаўцамі, заменена 245 дарожных знакаў. Дзякуючы сумесным намаганням браслаўскіх дарожнікаў і Шаркаўшчынскага ДБУ-26, якое выступала ў ролі падрадчыка, з’явілася доўгачаканая і вельмі патрэбная як для аўтааматараў, так і для пешаходаў пляцоўка ў раёне пляжа ля воз. Дрывяты.
Яшчэ адзін праблемны накірунак работы супрацоўнікаў ДЭУ-34 — уборка смецця. Колькі нараканняў і незадавальнення выклікаюць забруджаныя абочыны дарог. Чый гэта ўчастак? Чаму ніхто яго не прыбірае? — Такія пытанні часта можна пачуць ад абураных грамадзян. Але ж у медаля два бакі. Таму перш чым гневацца на дарожную службу, удзельнікам руху трэба самім берагчы чысціню і не выкідваць пакеты, пластыкавыя бутэлькі і розныя абгорткі ўздоўж дарог.
У сувязі з фінансавымі абмежаваннямі, падкрэсліў У. Аніськоў, капітальны і бягучы рамонт дарог у мінулым годзе амаль адсутнічаў. Ён уступіў месца ямачнаму, які выканалі на 18,5 тыс. м2. Безумоўна, рамонт такога кшталту не надта задавальняе вадзіцеляў. Але ўсе добра разумеюць, што якасны і грунтоўны рамонт дарог патрабуе шматлікіх ўкладанняў. Таму, каб выканаць запланаваныя работы, адміністрацыі ДЭУ-34 у мінулым годзе прыйшлося ўзяць крэдыт пад 53 % гадавых, за карыстанне якім арганізацыя выплаціла 95 млн. рублёў сваіх «кроўных» грошай.
Па словах кіраўніка, на 2014 год сума па бягучым рамонце дарог павялічана на 2 млрд. рублёў і склала 8 млрд. руб. За гэтыя сродкі плануецца адрамантаваць 6 км дарожнага пакрыцця перад Опсай і на 900 км зрабіць разметку палатна, а 2 млрд. 650 тыс. руб. пойдуць на ўладкаванне дарогі ў накірунку Віцебск — Гарадок.
Каштоўнасць любой арганізацыі — творчы кіраўнік і добрасумленныя супрацоўнікі. Ля вытокаў ДЭУ-34 стаяў Уладзімір Аніськоў, узначальвае яго і па сённяшні дзень, а зусім нядаўна яму прысвоена званне Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь І ступені.
Неабыякавы да сваёй справы і людзей, Уладзімір Аляксандравіч стварыў у дарожным упраўленні камфортныя ўмовы для якаснай работы і карыснага адпачынку.
На чале са сваім кіраўніком дарожнікі — пастаянныя ўдзельнікі карпаратыўных і раённых спаборніцтваў. Кожны 3-ці займаецца спортам. У выніку чаго каманды амаль не застаюцца без прызавога месца, пра што сведчаць шматлікія дыпломы, якія ўпрыгожваюць сцены калідора, і кубкі, што яскравым «золатам» зіхацяць за шклом.
Але гэта і не дзіўна, бо трэніруюцца і ўдасканальваюць свае фізічныя даныя спартсмены ДЭУ-34 у трэнажорнай, тэніснай і більярднай залах.
Ёсць тут усё для плённай працы — ( сучасная тэхніка, запчасткі, сязоннае спецадзенне), і для адпачынку — утульныя бытавыя памяшканні, душавая, кухня, адрамантаваныя пад «еўра» ўласнымі сіламі.
Уражлівае сваёй прыгажосцю і чысцінёй навакольная тэрыторыя: кветнікі, альтанка, фантан — усё выбіць вока і спрыяе душэўнаму спакою. Гэта таксама справа рук саміх супрацоўнікаў.
Як адзначыў Уладзімір Аляксандравіч, калектыў у арганізацыі зладжаны, кожны добрасумленна выконвае свае працоўныя абавязкі. Пра ўсіх падначаленых кіраўнік выказаў шмат добрых і шчырых слоў. А сярод лепшых У. Аніськоў вылучыў вадзіцеля МАЗа Валерыя Высоцкага (на здымку).
Пры слове «дарожнік» міжволі ўзнікае вобраз статнага плячыстага мужчыны ў аранжавай спецвопратцы, які ў любое надвор’е шчыруе на праезнай частцы дарогі. Менавіта такім і ўбачыла Валерыя. Нягледзячы на тое, што В. Высоцкі (на здымку) нядоўга працуе ў гэтай арганізацыі, заслужыў павагу як ў адміністрацыі, так і сярод калектыву. Сціплы, працавіты, ён старанна выконвае свой фронт работы. Яго магутная машына заўсёды спраўная і дагледжаная. З дзяцінства Валерый сябруе са спортам, таму з’яўляецца актыўным ўдзельнікам усіх спартыўных мерапрыемстваў. Ды і ў скарбонку перамог сваёй арганізацыі ўнёс нямала ўзнагарод.
Так, нягледзячы на складанае фінансавае становішча, супрацоўнікі ДЭУ-34 робяць усё магчымае, каб участкі дарог выглядалі роўным і бяспечным палатном.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *