Па прынцыпе даміно

Главное

1369912190_800_461Сярод пунктаў плана мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні горада Браслава на 2014 год ёсць і той, што тычыцца навядзення парадку ўздоўж брукаванай дарогі насупраць гарадскога пляжа. Як паведаміў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Іван Бялусь, пытанне гэта стаяла даўно. Летась жа будаўніцтва сучаснай аўтастаянкі стала добрым штуршком для аздаблення і прылягаючай тэрыторыі. Выдатны прыклад таго, як добрая ініцыятыва нараджае аналагічную – гэткі прынцып даміно.
Кустоўе ўздоўж брукаванкі ужо зрэзана. У бліжэйшы час там пачнецца раскарчоўка. Вялікай праблемай з’яўляецца наяўнасць старых таполяў, многія з якіх знаходзяцца ў дрэнным стане ці маюць непрывабны выгляд. Па задумцы, лепшыя дрэвы павінны застацца ў выглядзе алеі, астатнія ж згодна з рашэннем райвыканкама №618 ад 26 красавіка 2013 года неабходна выдаліць.
Пасля падсыпкі і планіроўкі тэрыторыі брук ачысцяць і там, дзе будзе неабходна, адновяць. Для адпачынку з’явяцца лавачкі. Плануецца, што своеасаблівая рэканструкцыя закране і вядомую браслаўчанам лесвіцу, што спускаецца ад вуліцы Карла Лібкнехта. Яе прывядуць у належны стан і абсталююць асвятленнем. Пры наяўнасці сродкаў значныя змяненні чакаюць і ўвесь схіл ад лесвіцы да вуліцы Булойчыка ўвогуле. Ужо ёсць прапановы па размяшчэнні на ім назвы горада. Слова “Браслаў” у такім выпадку будзе зроблена ў стылі агульнавядомага надпісу «HOLLYWOOD», што на Галівудскіх халмах у Лос-Анжэлесе. На самой жа дарозе аўтамабільны рух будзе забаронены.
Такім чынам, закінутая ў апошнія дзесяцігоддзі браслаўская брукаванка, верагодна, набудзе сёлета другое дыханне. На месцы хмызняку і гор смецця павінна з’явіцца зона адпачынку, якая стане своеасаблівым сувязным звяном паміж пляжнай зонай і горадам.
Дарэчы, браслаўчане і госці горада могуць уносіць свае прапановы наконт добраўпарадкавання названай тэрыторыі. Свае ідэі можна выказваць у аддзел ЖКГ райвыканкама па тэлефоне 6-24-03.

Вячаслаў Каладынскі.