Прыхільнікі прыгожага і цудоўнага

Главное

IMG_8117 (Medium)Першае, што бачыш, калі ўваходзіш у Друйскі сельскі Дом культуры, — мноства разнастайных кветак у фае. Складваецца ўражанне, быццам трапіў у экзатычную аранжарэю. І адразу разумееш: тут працуюць прыхільнікі прыгожага і цудоўнага.
Ужо 16 гадоў гэту ўстанову ўзначальвае таленавіты кіраўнік, да таго ж выдатны сцэнарыст і рэжысёр-пастаноўшчык Марыя Гедройц. Невялікі, але творчы і зладжаны калектыў дапаўняюць мастацкі кіраўнік Яніна Шпак і акампаніятар Уладзімір Булаўка.
Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, Яніна Станіславаўна займаецца афармленнем сцэны, стварае касцюмы для артыстаў, а яшчэ жанчына валодае арганізатарскімі здольнасцямі, умее аб’яднаць вакол сябе людзей рознага ўзросту. Уладзімір Марцінавіч, уладальнік выдатнага музычнага слыху і голасу, з’яўляецца кіраўніком калектыву мастацкай самадзейнасці, і ўсё музычнае суправаджэнне мерапрыемстваў ляжыць на яго плячах.
Па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год Друйскі СДК з’яўляецца лепшай клубнай установай раёна. Па словах дырэктара М. Гедройц, супрацоўнікі не імкнуліся ў лідары, а проста добрасумленна працавалі.
У зоне абслугоўвання сельскага клуба знаходзіцца 20 вёсак, для іх жыхароў культработнікі імкнуцца стварыць цікавае, насычанае на разнастайныя мерапрыемствы жыццё. У рэпертуары невялікага калектыву тэатралізаваныя прадстаўленні, тэматычныя вечарыны, спартыўныя спаборніцтвы, гульнявыя і конкурсныя праграмы. Традыцыйнымі сталі святы вёсак, на якія з задавальненнем збіраюцца мясцовыя жыхары, каб пачуць цікавыя гісторыя пра аднавяскоўцаў, падзівіцца прыгожымі вырабамі і прысмакамі сваіх суседзяў.
Вельмі папулярным і доўгачаканым прадстаўленнем для друйчан стала «Свята рыбака», якое лічыцца брэндам вёскі. У забаўляльных конкурсах з вялікім задавальненнем прымаюць удзел не толькі дзеці і моладзь, а і людзі больш сталага ўзросту. Як адзначыла М. Гедройц, каб гэта свята не стала прэсным і аднастайным, работнікі клуба кожны раз прыдумваюць новыя арыгінальны гульні, конкурсы і віктарыны.
Летняй гарачай парой не забываюць спецыялісты культуры парадаваць сваімі выступленнямі і працаўнікоў сельскай гаспадаркі. А іскрынкі радасці ў вачах і ўсмешкі на стомленых тварах механізатараў і даярак падчас кароткіх канцэрнаў на полі або на ферме з’яўляюцца лепшай падзякай для артыстаў.
Пра Друйскі СДК можна з поўным правам гаварыць, што ён асяродак нацыянальнай культуры. На працягу шмат гадоў адным з асноўных накірункаў яго работы з’яўляецца прапаганда і папулярызацыя беларускіх традыцый. Абрады «Уваходзіны», «Калядкі», пасядзелкі, выставы нацыянальнай кухні — традыцыйныя мерапрыемствы сельскага клуба. А рэцэпт прыгатавання супу «Раман» плануецца ўключыць у кнігу «Прысмакі Віцебшчыны».
Восем калектываў мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднанняў, з якіх тры дзіцячыя, прымаюць актыўны ўдзел у раённых конкурсах, канцэртах і святах
— Самае галоўнае для работнікаў культуры, — дзеліцца сваім жыццёвым крэда Марыя Сяргееўна, — не застыць у сваім развіцці.
Таму на прапанову правесці тэатралізаваныя навагоднія прадстаўленні на турыстычных базах «Золава» і «Лявошкі» невялікі, але баявы калектыў згадзіўся адразу. Толіка апаскі, безумоўна, была. Але не былі б гэта прафесіянала сваёй справы. Друйскім артыстам удалося зацікавіць і развесяліць патрабавальных госцей Браслаўшчыны, за што адпачываючыя выказвалі словы ўдзячнасці і захаплення.
Ва ўсім, за што бяруцца работнікі Друйскага СДК, адчуваецца мастацкі густ, прафесіяналізм і вялікая любоў да сваёй справы.

Алена Пятушка.
На здымку: дырэктар М. Гедройц і
мастацкі кіраўнік Яніна Шпак.
Фота аўтара.