Паломнікамі ў Росіцу

Главное

IMG_3185 (Small)Росіца, што на Верхнядзвіншчыне, 15 лютага сабрала шматлікіх пілігрымаў-католікаў, святароў і законных сясцёр з розных куткоў Беларусі, каб разам ушанаваць памяць благаслаўлёных ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча і яшчэ больш за паўтары тысячы мясцовых жыхароў, якія былі спалены нямецка-фашысцкімі акупантамі у лютым 1943 года. Сярод пілігрымаў была і група браслаўчан, якія ведаюць гісторыю, шануюць памяць продкаў і лічаць для сябе патрэбным схіліць галаву і стаць на калені там, дзе адбываліся векапомныя падзеі. Тым больш, што тыя далёкія ўжо падзеі і сённяшняе жыццё мясцовага касцёла цесна звязаны з нашым краем.
Благаслаўлёныя Юрый і Антоній адправіліся ў Росіцу з Друі, дзе да гэтага неслі душпастырскую паслугу людзям. Росіцкая трагедыя закранула, як стала вядома ў час паломніцтва, і лёс некаторых з нашых таварышаў. Да ўсяго гэтага ў Росіцкім касцёле служыць цяпер наш зямляк Часлаў Курачка, прызнаны, дарэчы, “Чалавекам года” Віцебшчыны, з чым мы шчыра віншавалі пробашча.
Успаміны пра падзеі 71-гадовай даўніны, ушанаванне благаслаўлёных Юрыя і Антонія пачаліся са святой імшы, галоўным цэлебрантам на якой быў ксёндз-біскуп Алег Буткевіч. Галоўнай тэмай яго прамовы ў час гаміліі, а пасля і на месцы трагедыі была каштоўнасць жыцця чалавека, абарваць якое ніхто не мае права, таму неабходна шанаваць і цаніць дадзенае Богам жыццё.
Пасля імшы яе ўдзельнікі накіраваліся на месца гібелі благаслаўлёных і іх паствы. Людзі ішлі той дарогай, якой ішлі асуджаныя на смерць. Трапяткія агеньчыкі факелаў і знічак, з якімі ідуць гэтым шляхам паломнікі, атаясамліваецца імі з той адзінай надзеяй, што цеплілася ў ахвяр трагедыі на выратаванне. Запаленыя свечкі былі пастаўлены да вялізнага крыжа, а ў неба паляцелі словы “ …будзь воля Твая”, вымаўленыя сотнямі галасоў.
Напэўна, не я адна і не першая задавала сабе пытанне: што прымушае людзей у зімовую сцюжу прыходзіць і прыязджаць у Росіцу, мерзнуць у настылым будынку касцёла, ісці ў працэсіі..? Мяркую, у кожнага на гэты конт свая думка, сваё меркаванне. Агульным жа для ўсіх, што падалося мне – гэта непаўторны настрой, атмасфера, якія пануюць на росіцкай зямлі і ў сэрцах тых, хто прыходзіць сюды паломнікам.

Тамара Пашкевіч.