У гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў

Главное

IMG_8188 (Small)У дзень 25-годдзя вываду Савецкіх войск з Афганістана ў Браславе адкрыўся музей, прысвечаны воінам-афганцам. Экспазіцыя размясцілася ў памяшканні СШ № 1 імя А.М. Жданава.
У гэтай знамянальнай падзеі для нашага раёна ўдзельнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, яго намеснік Іна Лысенка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Першымі наведвальнікамі і, безумоўна, тымі, хто ацаніў ступень падрыхтаванасці экспазіцыі, сталі самі «афганцы», іх родныя і блізкія.
Вітаючы шаноўных гасцей, дырэктар школы Тамара Стома расказала гісторыю стварэння музея, выказала словы ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам за прадастаўленыя экспанаты і тым, хто дапамагаў афармляць экспазіцыю.
Ідэя ўвекавечыць памяць браслаўскіх хлопцаў, якія прайшлі апаленымі дарогамі Афганістана, зарадзілася ў старшыні РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леаніда Мікшты. Ён сам перажыў усе выпрабаванні той жудаснай вайны і трывала стаіць на абароне інтарэсаў былых «афганцаў», разам з актыўнымі членамі аб’яднання падтрымлівае дух баявога братэрства, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах і патрыятычным выхаванні моладзі.
Тры гады таму назад са сваёй задумай пра стварэнне ў школе невялікага куточка афганскай славы Леанід Вячаслававіч звярнуўся да дырэктара Т. Стомы. Энергічная, дзелавая Тамара Андрэеўна падтрымала яго ініцыятыву.
Спачатку з’явілася некалькі стэндаў з інфармацыяй пра афганскі канфлікт, пра воінаў-інтэрнацыяналістаў нашага раёна. Але адміністрацыя школы прыйшла да высновы, што гэтага вельмі мала, каб зацікавіць школьнікаў сумнай старонкай нашай гісторыі. Так з’явілася ідэя стварэння музея. Безумоўна, задача не з лёгкіх, ды і адказнасць на плечы клалася вялікая. Але Т. Стома — кіраўнік, які ніколі не адступае ад пастаўленай мэты і заўсёды даводзіць пачатую справу да лагічнага завяршэння.
Першым крокам была кансультацыя з супрацоўнікамі Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія дапамаглі сваімі слушнымі парадамі і прапановамі. Паступова вучэбны кабінет браслаўскай школы пачаў набываць новы выгляд. На сценах з’явіліся пакрытыя белымі шапкамі снегу горы Афганістана. Не адзін месяц шчыравалі настаўніца выяўленчага мастацтва Іна Рудзь і яе вучаніца Таццяна Навумава, каб стварыць суровыя пейзажы далёкай чужой краіны. Быццам пячоры, паміж гэтых гор прымасціліся стэнды з убудаванымі шафамі. Са столі звісае ваенная маскіровачная сетка, якую дырэктар школы прывезла з Масквы. Лінолеум на падлозе нагадвае камяністую дарогу. Прадумана ўсё да дробязей, каб наблізіць наведвальнікаў да баявой афганскай атмасферы.
Пад шклом экспазіцыйных стэндаў — сумныя балючыя сведчанні той далёкай і ў той жа час блізкай вайны. Гэта дакументы, узнагароды, фотаздымкі, салдацкія лісты родным, асабістыя рэчы воінаў, граматы і падзячныя лісты ад камандавання. Асобны стэнд прысвечаны Валерыю Александровічу, які вярнуўся дадому на борце «чорнага цюльпана». Побач са стэлажамі стаяць маўклівыя манекены ў ваеннай форме тых часоў.
Знайшлося ў музеі месца і для трафеяў. Сімвалы і атрыбуты Афганістана, грашовыя знакі і друкаваныя выданні краіны, рэчы маджахедаў выклікаюць зусім не адназначныя пачуцці.
Для дэманстрацыі фільмаў устаноўлена мультымедыйная апаратура. Дарэчы, і слайд-фільм «Апаленыя Афганам», які дэманстраваўся ў гэты дзень, створаны педагогамі школы.
Як адзначыла Т. Стома, на стварэнне музея школа затраціла каля 50 млн. рублёў уласных сродкаў.
Безумоўна, работа праведзена вялікая і карпатлівая. Але ж гэта таго каштуе. І слёзы на вачах «афганцаў» таму лепшае падцвярджэнне.
У дзень адкрыцця музея госці пазнаёміліся таксама з выставай мастака Леаніда Шакінка «Афганістан — боль мая», прадастаўленай Віцебскім гарадскім музеем воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Ціха і задуменна разглядалі «афганцы» рэчы свайго ваеннага юнацтва. Боль і смутак застылі ў вачах гэтых пасталелых і пасівелых мужчын. І, углядаючыся ў іх суровыя твары, разумееш, якое гэта шчасце даведвацца пра вайну з падручнікаў і серыялаў, а не з неразборлівых лістоў на паперы ў клетачку, якія прыходзяць к табе дамоў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.