З чуласцю да людзей

Люди

IMG_9707 (Medium)Пра такіх, як Аляксандра Ягоранкава, у вёсцы кажуць:”Жыве для людзей і іх праблемамі”. І гэта пры сустрэчы пацвердзілі многія жыхары Далёкіх.
Яна – загадчыца ФАПа. У зону абслугоўвання гэтай медыцынскай установы ўваходзіць 7 вёсак, у якіх жывуць каля 400 чалавек, з іх намнога больш за сотню – пенсіянеры. Шмат каму пастаянна патрэбна медыцынская дапамога. Вядома ж, у першую чаргу вяскоўцы звяртаюцца па яе да свайго фельчара.
Для пацыентаў дзверы хаты А. Ягоранкавай адкрыты днём і ноччу, круглыя суткі працуюць дамашні і мабільны тэлефоны. Аднаму трэба тэрмінова зрабіць укол, другому – памераць артэрыяльны ціск ці ўзровень глюкозы ў крыві, трэці – раптоўна беспрычынна страціў прытомнасць…
— Андрэеўна, выручай, — тэлефануюць. І яна спяшаецца. А яшчэ ж і днём хапае службовых абавязкаў , пацыентаў, выклікаў.
Да таго ж Аляксандра Андрэеўна па пятніцах выязджае на прыём у Мілашкі, дзе цяпер няма спецыяліста.
Цяжка нават уявіць, як у яе на ўсё хапае сіл і часу, прытым, што дабірацца да кожнага пацыента ў любую пару года даводзіцца на веласіпедзе. У яе ж атрымліваецца.
Далёкаўскі ФАП у 2009 годзе па выніках работы быў прызнаны лепшым у спаборніцтве сярод сельскіх медыцынскіх устаноў аховы здароўя. І па выніках 2013-га яшчэ раз пацвердзіў такое прызнанне.
На ФАПе зроблены рамонт, на які затрачана 16,2 млн. руб. Закуплена гінекалагічнае крэсла, медыцынская кушэтка, дарослы і дзіцячы растамеры і іншае неабходнае абсталяванне. Працаваць стала больш зручна фельчару, і больш камфортна пацыентам.
Па вызначаных днях на ФАП прыязджаюць доктар, лабарант і акушэрка з Опсаўскай амбулаторыі агульнай практыкі.
Зусім не выпадкова, што і сама Аляксандра Ягоранкава ў раённым спаборніцтве заняла першае месца ў намінацыі “Лепшы старэйшына”. Жыхары некалькіх вуліц вёскі Далёкія даверылі ёй такую адказную грамадскую пасаду ў 2009 годзе. І ні разу пра гэта не пашкадавалі. Да яе звяртаюцца з любымі праблемамі, і ні адна просьба не застаецца па-за ўвагай жанчыны.
Да таго ж яна добраахвотна ўзяла пад свой кантроль захаванне графіка і аплату за вываз смецця. Сабрала больш за пяць мільёнаў рублёў сродкаў самаабкладання на знос аварыйных дрэў на могілках у Далёкіх, двойчы арганізавала аднавяскоўцаў на суботнікі па добраўпарадкаванні.
Аляксандра Андрэеўна — чалавек вельмі сціплы. У час нашай сустрэчы яна старалася больш расказаць, як працуе ў адной звязцы з сельвыканкамам, паштальёнамі, сацыяльнымі і культработнікамі, медыкамі з Опсы, Відзаў, ЦРБ.
— Такіх чулых людзей, як у Далёкіх, я не сустракала, — прызнавалася жанчына.
Сама яна родам з Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. На Браслаўшчыну прыехала пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС і прыкіпела душой да нашых мясцін, людзей.
— Каб вы ведалі, як я люблю рыбачыць і летам, і зімой, — гаворыць А. Ягоранкава. – Шкада толькі, што часу на маё захапленне выпадае вельмі мала.
Я ўпэўнена, што жыхары Далёкіх і суседніх вёсак ад душы парадуюцца за высокае прызнанне іх фельчара і старэйшыны.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.