Пад мудрым кіраўніцтвам

Люди

IMG_9839 (Medium)СВК “Маяк Браслаўскі”, як і ва ўсе папярэднія гады, застаецца бясспрэчным лідарам па вытворчасці сельгаспрадукцыі. А яго працаўнікі заўсёды трапляюць у лік пераможцаў раённага спаборніцтва ў большасці з намінацый. Кіруе ж сельгаспрадпрыемствам самы старэйшы сярод сваіх калег Рамуальд Шукель, які прызнаны лепшым кіраўніком раёна 2013 года.
Як і кожнае дзіця сялянскай сям’і, любоў да працы і зямлі Раман атрымліваў з першых гадоў жыцця. Пасвіў гусей і цялят, пазней кароў.
— Пасля службы ў арміі, — расказваў Рамуальд Іванавіч (на здымку), — я пашафярыў у родным калгасе імя Заслонава, гарадскіх арганізацыях. Шукаў, прызнаюся, лёгкай работы і вялікай зарплаты. А вось задавальнення ад таго не атрымліваў. І калі тагачасны старшыня калгаса Генадзь Кухаронак прапанаваў заняць пасаду галоўнага механіка, згадзіўся.
Р. Шукель да вытокаў сваёй зямлі вярнуўся ў 1974 годзе, з той пары і пачаўся хуткі рост па кар’ернай лесвіцы. Працаваў галоўным інжынерам, начальнікам аддзялення, а ў 1989 годзе быў абраны старшынёй калгаса “Маяк”.
Сёння пры ўпамінанні СВК “Маяк Браслаўскі” асобныя скептыкі спрабуюць сцвярджаць, маўляў, нашаму “Маяку” дастаюцца асобныя прывілеі, грашовыя паступленні, за кошт чаго ён і “маячыць”. Але ж гэта далёка не так. Р. Шукель змог сабраць вакол сябе такіх спецыялістаў, ад якіх залежаць паспяховыя вынікі ўсёй вытворчасці. А каб не быць галаслоўным, прыводжу іх выказванні:
Валянціна Таўкінь, галоўны аграном:
— Мая асноўная задача – забяспечыць свінагадоўчы комплекс уласным зернефуражом, а малочнатаварныя фермы – якаснымі кармамі, адна з якіх знаходзіцца на круглагадовым бязвыпасным утрыманні. Ад гэтага і танцую. На сёлетні зімова-стойлавы перыд нарыхтавалі 1882 тоны сена, 15047 тон сенажу, 8705 – сіласу, або 28,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Засыпалі 6384 тоны зернефуражу для свінакомплексу. Скажу, што апошні год у параўнанні з двума папярэднімі выдаўся не лепшы. Па многіх паказчыках вытворчасць прадукцыі раслінаводства была ніжэйшай. Тым не менш мы здолелі захаваць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і разам з калектывам механізатараў спадзяёмся сёлета атрымаць больш высокі ўраджай.
Людміла Арцем’ева, намеснік старшыні:
— Пагроза нашэсця інфекцыі афрыканскай чумы свіней прынесла нам шмат дадатковых страт. Тым не менш мы не здалі сваіх пазіцый і на сённяшні дзень маем лепшыя паказчыкі ў вобласці. За год вырасцілі 4091,8 тоны свініны, што на 12% больш, чым у папярэднім годзе. Сярэднясутачныя прывагі склалі 626 грамаў, а на адкорме – 720 г. Усяго ж прадалі дзяржаве 4298,3 т свініны, гэта больш на 47%, чым годам раней. І перспектывы развіцця яшчэ ёсць. Пры рацыянальным падыходзе кіраўніка гаспадаркі Рамуальда Шукяля да развіцця свінагадоўлі, думаю, мы значна ўмацуем свае пазіцыі ў рэспубліцы.
Леаніда Радзівонава, галоўны эканаміст:
— Прыемна падводзіць гадавыя вынікі, калі яны плюсуюць. Скажу, што ў адрозненне ад леташніх яны ніжэйшыя. Тым не менш “у боты” мы не трапілі. Рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі склала 9%, а яе рэалізацыя – 11, 3%. На кожнага працаўніка гаспадаркі атрымана выручкі ў 293 мільёны рублёў. За мінулы год сярэднямесячная зарплата склала 3623096 рублёў, а годам раней яна была 2590574 руб. І гэта радуе, бо дабрабыт і годная зарплата заўсёды пад пільным наглядам нашага кіраўніка.
Леанід Барткевіч, галоўны заатэхнік:
— Надой у 7211 кілаграмаў малака на карову, якога дасягнула наша Жанна Ахрамовіч, прымушае мяне задумацца: магчыма, можам выйсці на такі паказчык і ў цэлым па сельгаспрадпрыемстве. Як вопытны спецыяліст, пакуль не бачу рэзерваў у павелічэнні прадукцыйнасці нашага дойнага статка. Тыя 6624 кг, што надаілі ў сярэднім на карову, лічу мяжой. Але ж Жанна даказала, што можна даіць і больш. Будзем браць на заметку яе падыходы да работы.
Вось так і працуе плённа калектыў СВК “Маяк Браслаўскі” пад кіраўніцтвам яго старшыні Рамуальда Шукяля.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.