Выхоўваюць цяплом і ласкай

Главное

IMG_8110 (Medium)Цяпер ужо нікога не трэба пераконваць у тым, што дзецям, якія наведвалі дзіцячыя садкі, намнога лягчэй адаптавацца да школьнага жыцця. За садаўскія гады дашкаляты не толькі авалодваюць неабходным аб’ёмам ведаў, яны яшчэ набываюць псіхалагічную загартоўку, развіваюць свой фізічны і інтэлектуальны патэнцыял. Выдатна, калі ў садзе працуюць таленавітыя людзі, якія робяць усё магчымае, каб жыццё дзяцей у гэтыя гады было шчаслівым, радасным і светлым.
Менавіта такія ўмовы створаны ў Друйскім дзіцячым садзе — лепшай дашкольнай ўстанове адукацыі па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год, — дзе працуе дружны, ініцыятыўны калектыў пад кіраўніцтвам загадчыка Веры Кяпсні.
На сённяшні дзень у садзіку налічваецца чатырнаццаць выхаванцаў, якія ўваходзяць у адну рознаўзроставую групу. І як адзначыла Вера Геранімаўна, ў гэтым ёсць свой станоўчы бок: малодшыя вучацца ў старэйшых. У асноўным садзік наведваюць мясцовыя маленькія жыхары, але ёсць і малышы з в. Опліса. Безумоўна, бацькі з ахвотай прыводзяць сваіх дзетак, бо яны са спакойнай душой могуць ісці на работу, не хвалюючыся за іх. Да таго ж тут створаны ўсе ўмовы для выхавання і развіцця гарэзлівых непасед.
Першае, што кідаецца ў вочы, гэты чыстая і дагледжаная дваровая тэрыторыя ўстановы, на якой размяшчаюцца фізкультурная пляцоўка, каруселі, пафарбаваныя ў вясёлыя колеры, пясочніца. Асаблівае месца ў яе азеляненні належыць кветнікам.
Прыемнае ўражанне пакідае ўнутранае абсталяванне і афармленне пакояў. Цёплая прасторная раздзявальня, утульныя спальня і гульнявая, ёсць клас, дзе будучыя школьнікі авалодваюць першымі азамі граматыкі, прыстасаваная кухня, кладоўка. У гульнявой на паліцах размясціліся прыгожыя лялькі, мяккія цацкі, рознакаляровыя канструктары. Клапатлівымі рукамі выхавацеляў створаны этнаграфічны куток і куточкі для сацыяльнай адаптацыі. На стэндах размешчана інфармацыя для бацькоў, творчыя працы выхаванцаў.
Падчас утварэння аграгарадка на выдаткаваныя сродкі ўставілі шклопакеты, набылі сучасную дзіцячую мэблю: сталы, крэслы, зручныя ложкі. У мінулым годзе раённы аддзел адукацыі дапамог набыць посуд.
Мэта дзіцячага сада — падрыхтаваць малыша да школы, а гэта значыць, займацца развіццём і фарміраваннем яго асобы. Таму загадчык Вера Кяпсня і выхавацель Святлана Дзелікатар творча падыходзяць да справы выхавання і навучання, прыкладаюць усе намаганні, каб дзеткі змаглі без асаблівага жаху пераступіць парог школы і ўпэўнена адчуць сябе за школьнай партай.
З задавальненнем наведваюць малыя і гурток «Спадчына», дзе знаёмяцца з гісторыяй свайго краю, яго традыцыямі і абрадамі. Несумненна, гэтыя заняткі з’яўляюцца спрыяльнай глебай для зараджэння такіх пачуццяў як патрыятызм, нацыянальная свядомасць, любоў да радзімы.
Весела, цікава, забаўляльна і ў той жа час пазнавальна праходзяць у садку розныя мерапрыемствы, святы, конкурсы, ранішнікі.
В. Кяпсня акцэнтавала ўвагу на адсутнасць захворванняў у сваіх падапечных. Бясспрэчна, гэта вынік якаснай і добрасумленнай работы па выхаванні здаровага ладу жыцця і фізічнай загартоўкі малых.
Дзейнічае ў садзе і папячыцельскі савет, які з’яўляецца надзейным мастом паміж бацькамі і калектывам дашкольнай установы.
Дапамагаюць педагогам памочнік выхавацеля Жанна Мілер і повар Валянціна Ерашонак. Гэтыя жанчына, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы ўсіх мерапрыемстваў і свят, дапамагаюць у афармленні пакойчыкаў, шчыруюць на дваровай тэрыторыі.
Адным словам, ў садзе працуюць таленавітыя людзі, якія з мацярынскім цяплом і ласкай робяць усё магчымае, каб жыццё дзяцей у гэтыя гады было шчаслівым, радасным і светлым.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.