У спалучэнні традыцый і інавацый

Главное

IMG_8130 (Medium)Здаўна лічылася, што, калі ёсць на стале хлеб, голад не пагражае. А каб гэты неабходны прадукт трапіў на наш стол своечасова і да таго ж быў свежы і духмяны, работнікі хлебазавода шчыруюць усю ноч.
Сёння Браслаўскі хлебазавод лічыцца не горшым у вобласці. Ва ўмовах рыначных адносін калектыў завода працуе над павышэннем канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі, ўмела спалучае старыя традыцыі і інавацыйныя распрацоўкі. Як паведаміў дырэктар Валерый Пятушка, за мінулы год нашы хлебапёкі асвоілі і ўкаранілі ў вытворчасць 41 від хлебабулачных і 45 відаў кандытарскіх вырабаў з рознымі дабаўкамі і пасыпкамі. За суткі яны выпякаюць каля 5 тон хлебабулачных і каля 250 кг кандытарскіх вырабаў. Выпускаюць тут і прадукцыю для тых, хто захоўвае дыету або хворы на дыябет. Каб вытрымліваць канкурэнцыю, часта даводзіцца “ўключаць” фантазію, у выніку чаго да кожнага свята на прылаўках магазінаў з’яўляюцца арыгінальныя вырабы з адпаведнай сімволікай.
Ёсць на хлебазаводзе свая кацельня, артэзіянская шчыліна, водазабор, 12 аўтамашын дастаўляюць прадукцыю па гандлёвых кропках. Усё абсталяванне падтрымліваюць у рабочым стане, яго рамантуюць выключна ўласнымі сіламі. Дадатковы рубель прыносіць цэх па разліве безалкагольных напіткаў і сезонны выпуск хлебнага квасу. Чысты прыбытак прадпрыемства за мінулы год склаў 880 млн. руб.
Каб набыць большую колькасць спажыўцоў, упор робіцца на выязны і фірменны гандаль.
Завод мае шэсць фірменных кропак для рэалізацыі сваіх вырабаў. Браслаўскі хлеб пастаўляецца не толькі ў суседнія Шаркаўшчынскі і Пастаўскі раёны. Карыстаецца наша прадукцыя попытам і ў буйных гарадах – Полацку, Наваполацку, Віцебску і Мінску. На сённяшні дзень прадпрыемства знаходзіцца на стадыі распрацоўкі Еўрастандарта «ХАСП», што дасць магчымасць пашырыць тэрыторыю рэалізацыі і за межамі краіны.
Не на апошнім месцы і эстэтычны выгляд прадукцыі: сучаснае абсталяванне дазваляе прапаноўваць нарэзаны і ўпакаваны ў цэлафан хлеб. Усё робіцца для спажыўца і дзеля яго запатрабаванняў.
Варта адзначыць, што Браслаўскі хлебазавод з’яўляецца пастаянным удзельнікам выстаў і кірмашоў розных узроўняў. Яго прадукцыя адзначаецца граматамі і дыпломамі. Так, у мінулым годзе руплівая праца кандытараў прынесла калектыву сярэбраны медаль на 9-ай Міжнароднай выставе «Хлебная і кандытарская справа», а добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол завода адзначана першым месцам сярод прамысловых арганізацый раёна.
Працоўны калектыў прадпрыемства, у якім вопыт суседнічае з маладосцю, пераважна жаночы. Многія работніцы валодаюць дзвюма – трыма спецыяльнасцямі, гэта дае магчымасць узаемазамяняць і дапаўняць адна адну. Але самае галоўнае, што ўсе яны укладваюць ў кожны бохан хлеба часцінку сваёй душы. Як рэзюмаваў В. Пятушка, у вяршэнстве ўсіх дасягненняў прадпрыемства стаяць людзі, якія добрасумленна і адказна адносяцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Гэта зменныя майстры А. Глод і А. Анкудовіч, кандытар А. Краснякова, фармоўшыкі цеста Г. Савіцкая і А. Гайлевіч, пекар С. Пятушка, заквашчыцца Г. Раманчык і многія іншыя.
Безумоўна, у гэтым вялікая заслуга і кіраўніка завода. Больш за 30 гадоў Валерый Антонавіч прысвяціў хлебазаводу. Пачынаў сваю дзейнасць будучы дырэктар вадзіцелем аўтамабіля і прайшоў усе ступені кар’ернага росту. Хлебапёк па прафесіі і прызванні, ён добра ведае спецыфіку і ўсе нюансы падначаленага яму прадпрыемства, тэхналогію выпуску хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Да таго ж умее наладжваць дзелавыя партнёрскія адносіны з іншымі прадпрыемствамі, заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых перадавых ідэй.
Сёлета Валерыю Антонавічу спаўняецца 55-год. За плячама нямала поспехаў і узнагарод. Тым не менш дырэктар разам са сваім калектывам аднадумцаў і паплечнікаў не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Хочацца спадзявацца, што наперадзе ў іх яшчэ не адна перамога.
Разам з калектывам Браслаўскага хлебазавода мы віншуем Валерыя Антонавіча з юбілеем. І жадаем яму моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, надалей ўпэўнена заваёўваць новыя рубяжы.
Алена Пятушка.
На здымку(злева-направа): заквашчык С. Жорава, зменны майстар А. Анкудовіч, загадчык вытворчасці І. Суханава, мікрабіёлаг М. Канончы.

Фота аўтара.