Платныя паслугі ў школах запатрабаваны

Главное

forwardБацькі ў апошні час усё часцей імкнуцца да таго, каб іх дзеці больш ведалі, не марнавалі дарэмна час за камп’ютарам, а наведвалі розныя гурткі і заняткі па інтарэсах. Да таго ж стаць студэнтам ВНУ у апошні час становіцца ўсё больш складана. Таму ўсё большую папулярнасць набываюць дадатковыя заняткі ў школах, а калі дакладней, платныя адукацыйныя паслугі. Ці запатрабаваны яны ў школах нашага раёна?
— Платныя паслугі дапамагаюць паглыбіць веды, пашырыць свой кругагляд, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Купрыянава. — З практыкі мы бачым, што часцей за ўсё імі карыстаюцца старэйшыя школьнікі. І працэнт паспяховага паступлення ў ВНУ ці ССНУ большы ў тых дзяцей, якія скарысталіся магчымасцю наведвання дадатковых платных адукацыйных паслуг, на якіх настаўнік, не абмежаваны рамкамі вучэбных праграм, арганізуе сваю працу з вучнямі. Калі казаць пра дашкольныя ўстановы, то тут заняткі дазваляюць дадаткова развіваць розныя здольнасці дзяцей.
Калі звярнуцца да лічбаў, то за 2013 год на паслугах у платных гуртках у раёне зароблена 658 млн. рублёў. У студзені 2014 года ў школах, дзіцячых садах і ЦДМ працавалі 197 такіх гурткоў. Самы папулярны накірунак – падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання (39 гурткоў), вывучэнне замежнай мовы (часцей англійскай), гурткі камп’ютарнай граматыкі, харэаграфічнага накірунку. Памер платы за іх вызначаецца ў кожным выпадку асобна і залежыць ад таго, колькі чалавек будуць наведваць гурток, якое памяшканне і іншае.
У сярэдніх школах раёна платныя паслугі больш запатрабаваны, чым у базавых. Так, лідарамі з’яўляюцца СШ№1 (39 гурткоў), СШ№2 (25), Відзаўская (14), Опсаўская (16), Ахрэмаўская школы (14). Чатыры платныя гурткі дзейнічаюць і ў ЦДМ. У браслаўскіх садках №1 і №3 іх па пяць, а ў садку №2 — тры.
Да таго ж у апошні час папулярнымі становяцца і адукацыйныя платныя паслугі для дарослых. Зараз у раёне працуе 8 такіх гурткоў, якія наведваюць 87 чалавек. Сярод папулярных — вывучэнне замежнай мовы, камп’ютарная граматыка, спартыўнага накірунку.
Па выніках мінулага года першай у раёне па аказанні платных паслуг стала гімназія. Колькасць жадаючых навучацца ў платных гуртках паступова павялічваецца, як і спектр платных паслуг.
— Спачатку неабходна вывучыць попыт. Аптымальны варыянт — апытанне бацькоў і дзяцей, якое мы праводзім, — расказвае дырэктар гімназіі Людміла Каптур. — У аснове працы з дзецьмі ляжыць дыферэнцыраваны падыход, гэта значыць, платныя групы фарміруюцца з улікам інтарэсаў і мэтаў навучэнцаў, у адпаведнасці з узроўнем іх падрыхтоўкі. Да выкладання мы прыцягваем толькі высокакваліфікаваныя настаўнікаў, з багатым вопытам работы. У нас арганізавана 24 платныя групы. Самы папулярны накірунак — дадатковае навучанне замежным мовам, падрыхтоўка да ЦТ па розных прадметах. У гэтым навучальным годзе каля 300 навучэнцаў гімназіі карыстаюцца платнымі адукацыйнымі паслугамі. Да таго ж мы паспяхова навучаем і дарослых, зараз для іх працуюць гурткі па вывучэнні замежнай мовы і камп’ютарнай граматыкі.
Практыка паказвае, што платныя адукацыйныя паслугі ў раёне становяцца ўсе больш запатрабаванымі як у вучняў, так і ў дарослых.

Таццяна Пятушка.