Дзе ж наша культура, землякі?

Главное

stichy-1-79Калі ў інтэрнэце з’явілася першая інфармацыя пра адкрыццё ў горадзе кафэ “Канюшына”, нехта адразу ў каментарыях напісаў: “Хутка яно ператворыцца ў такую ж установу, як і “Сузор’е”. А ў панядзелак мне давялося пераканацца, як ператвараюцца нашы кафэ, рэстараны, словам, аб’екты грамадскага харчавання ў “забягалаўкі”, не пабаюся гэтага слова.
Мы ўсе ў свой час радаваліся адкрыццю пасля капітальнага рамонту рэстарана “Азёрны” з сучасным арыгінальным інтэр’ерам. Рэстаран стаў папулярным месцам, дзе можна адсвяткаваць юбілей, вяселле, сустрэцца калектывам. Але сёння многія наведвальнікі бачаць, што гэты самы інтэр’ер губляе сваю прывабнасць. Кліенты пачалі адрываць прыклееныя ракушкі. Для чаго, для сувеніраў? Зусім не арыгінальна.
Раней, яшчэ да рамонту рэстарана, было вельмі “модна” страляць у столь шампанскім і пакідаць тым самым дзіркі на памяць пра сваё наведванне гэтай установы. Згадзіцеся, вандалізм чысцейшай вады.
Цяпер хачу сказаць увогуле пра бескультур’е наведвальнікаў кафэ “Канюшына” і рэстарана “Азёрны”. У фае ў нішах стаялі дарагія керамічныя вазы з кветкавымі кампазіцыямі. І ў летні сезон, калі не працуе гардэроб і там няма назіральніка, адну вазу разбілі, другую, цяжка паверыць, укралі.
Фае таксама ўпрыгожваюць кованыя з металу выявы рыб — сімвала нашага азёрнага краю. Варвары дабраліся і да іх. Некалькі такіх рыбак садралі.
Сапраўднае бедства творыцца ў туалетах. У мужчынскім, дарэчы, не паспяваюць устанаўліваць трымальнікі для туалетнай паперы. Каштуюць яны не танна. Іх проста адкручваюць ці вырываюць “з мясам”. Псуюць і забіраюць, магчыма, таксама на сувеніры дазатары для вадкага мыла, трымальнікі папяровых ручнікоў.
Пра тое, што туалетную паперу выносяць з туалетаў рулонамі, і гаварыць не даводзіцца. Зрэшты, такія вандальныя выпадкі ў мужчынскім туалеце здараюцца пастаянна, але і ў жаночым яны не рэдкасць.
У фае нехта таксама ўкраў ліхтар. Каб неяк запоўніць прастору і загрыміраваць дзірку, туды павесілі карціну. Яе таксама знеслі, тое ж самае паўтарылася і з другой.
Усе мы сёння хочам культурнымі людзьмі звацца. Але ж як пасля ўсяго, што давялося ўбачыць, можна сказаць пра браслаўчан, што яны любяць і шануюць свой горад і ўсё тое, што ў ім каштоўнае ёсць.
Цяпер у кафэ і рэстаране ідзе падключэнне сістэмы відэаназірання. Магчыма, райпа крыху і спазнілася з такой мерай барацьбы супраць вандалізму. Але ж, як заўсёды, на ўсё адразу не хапае сродкаў, а ўся наша сістэма грамадскага харчавання ў першую чаргу разлічана на давер да людзей. Хто ж думае, што наведвальнікі, якія прыходзяць у рэстаран ці кафэ, будуць “прыхопліваць” з сабой відэльцы, лыжкі, а іншы рах нават і талеркі. На жаль, такое здараецца часта і густа. Ну, а калі ўжо пачалі выносіць вазы, карціны, трымальнікі туалетнай паперы, дазатары для вадкага мыла…Куды ж мы коцімся? Няўжо, у нашай душы не засталося нічога святога?! Навошта ж усё тое, што разам не без цяжкасцей для сябе ствараем, самі ж і разбураем.

Зінаіда Палулех.