Далучайцеся да абмеркавання

Главное

IMG_9724 (Medium)На мінулым тыдні ў “Браслаўскай звяздзе” надрукаваны артыкул наконт сімвала Браслава. Пластылінавы макет скульптуры рыбака ўжо ёсць. Пры спрыяльным збегу абставін кампазіцыя будзе выраблена ў натуральную велічыню і размешчана недзе ў райцэнтры. Дзе? На гэтае пытанне і прапануецца адказваць браслаўчанам.
Першыя меркаванні ўжо з’явіліся. Неабыякавая моладзь актыўна выказвае сваё бачанне ў інтэрнэце. Рыбалова прапануюць размясціць на ўездзе ў горад па вуліцы Булойчыка, на Замкавай гары, ля гарадскога пляжа, побач з аўтастанцыяй, у цэнтры кругавога скрыжавання, перад рэстаранам “Азёрны”.
Вашай увазе некаторыя найбольш абгрунтаваныя прапановы:
“Можна было б паставіць скульптуру на скрыжаванні Ленінскай і Кірава (каля былога БТІ). Па-першае, там гістарычны цэнтр горада. Па-другое, побач – уваход на Замкавую гару. І па-трэцяе, няблага, каб там з’явілася б добраўпарадкаванне.”
“Многія турысты з задавальненнем фатаграфуюцца з русалкай і Нептунам у Леснічоўцы. Дзеля працягу тэмы можна было б там устанавіць…”
“На стаянцы, што насупраць гарадскога пляжа. Пасля леташняга добраўпарадкавання там з’явіліся альтанкі, лавачкі, тратуары. Улетку там будзе многа людзей. Здаецца, неблагое месца для рыбака.”
“У вялікіх гарадах прынята ўстанаўліваць сімвалы ў парках, скверах, каля вакзалаў ці ратуш. Візітную картку Браслава няблага было б размясціць таксама неяк так. Рыбак павінен стаяць, лічу, калі не ля райвыканкама, то ля аўтастанцыі.”
Такім чынам, многія сходзяцца ў меркаванні, што скульптурная кампазіцыя павінна стаяць ля вады, аднак каля возера яна, здаецца, будзе выглядаць сіратліва. Пэўнае воднае люстэрка з добраўпарадкаваннем ёсць паміж Беларусбанкам і першай школай. Аднак там акцэнт зроблены на памятны знак у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Тым не менш час яшчэ ёсць, і любая прапанова будзе па-свойму каштоўнай. З думкамі і меркаваннямі, па-ранейшаму, можна звяртацца ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па тэлефоне 3-51-64.
Вячаслаў Каладынскі.