Браслаў далучыўся да міжнароднай ініцыятывы

Новости

«Пагадненне мэраў» з’яўляецца флагманскай ініцыятывай, распачатай Еўрапейскім Саюзам, мясцовымі і рэгіянальнымі ўладамі, якіх аб’ядноўваюць агульныя добраахвотныя абавязацельствы па павышэнні энергаэфектыўнасці і ўкараненні аднаўляльных крыніц энергіі на сваіх тэрыторыях.
Усе падпісанты пагаднення прымаюць на сябе добраахвотныя абавязацельствы па скарачэнні да 2020 года аб’ёму выкідаў СО2 не менш, чым 20%, уносячы такім чынам уклад у развіццё экалагічна арыентаванай эканомікі і паляпшэнне якасці жыцця.
Праект стартаваў у лютым 2009 г. пры ўдзеле Генеральнага дырэктара па пытаннях энергетыкі Еўрапейскай камісіі. Цяпер удзельнікамі «Пагаднення мэраў» з’яўляюцца 5,4 тыс. гарадоў свету, а ў Беларусі — Полацк, Лёзна, Сянно, Ашмяны, Навагрудак і Рагачоў.
На пасяджэнні Браслаўскага райвыканкама, якое адбылося 5 лютага, намеснік яго старшыні Андрэй Давыдзенка прапанаваў таксама далучыцца да ініцыятывы Еўрапейскага Саюза, мясцовых і рэгіянальных улад «Пагадненне мэраў».
Пры гэтым Андрэй Давыдзенка зазначыў, што папярэдні аналіз энергаспажывання Браслаўскага раёна дазваляе зрабіць вывад не толькі пра магчымасць, але і неабходнасць распрацоўкі дэталёвага плана дзеянняў па скарачэнні выкарыстання энергарэсурсаў, такіх як электраэнергія, газ, мінеральнае пячное паліва і нафтапрадукты, усімі суб’ектамі гаспадарання — прадпрыемствамі, арганізацыямі і прыватнымі асобамі.
Андрэй Давыдзенка падкрэсліў, што зніжэнне спажывання энергіі з’яўляецца адным з нямногіх артыкулаў раённага бюджэту, расходы па якім можна значна скараціць на карысць пераразмеркавання сродкаў эканоміі на сацыяльныя патрэбы.
Намеснік старшыні райвыканкама звярнуў увагу на тое, што на дадзеным этапе звесткі розных прадпрыемстваў і арганізацый пра магчымыя шляхі скарачэння спажывання энергіі, зніжэнне страт у інжынерных сетках дастаўкі энергіі і рэсурсаў ад генерыруючых магутнасцей да канчатковых спажыўцоў, аналіз энергаспажывання на перспектыву з’яўляюцца разрозненымі і не маюць сістэмнага характару.
Калі ж Браслаўскі раён далучыцца да ініцыятывы «Пагадненне мэраў», то атрымае падтрымку Офіса пагаднення мэраў, створанага Еўракамісіяй, па ўсіх пытаннях распрацоўкі і рэалізацыі Плана дзеянняў па ўстойлівай энергіі.
Да таго ж падпісанты «Пагаднення мэраў» атрымліваюць дадатковую магчымасць удзелу ў розных ініцыятывах і праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Напрыклад, да 21 сакавіка прымаюцца заяўкі да ўдзелу ў конкурсе «Дэманстрацыйныя праекты для ўстойлівага развіцця гарадскога асяроддзя». Агульная сума падтрымкі мясцовых адміністрацый пры распрацоўцы Планаў дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці, якая разыгрываецца для Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі і Малдовы, складае 6,25 млн. еўра. Магчымы памер гранта — ад 400 тыс да 1,5 млн. еўра.
Такім чынам, рэзюмаваў Андрэй Давыдзенка, далучаючыся да «Пагаднення мэраў», Браслаўскі раён атрымлівае магчымасць распрацоўкі дэталёвага рашэння шэрагу эканамічных і сацыяльных праблем за кошт выкарыстання розных крыніц фінансавання, у тым ліку прамых замежных інвестыцый, што, безумоўна, паўплывае на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва.
Члены райвыканкама пагадзіліся з аргументамі Андрэя Давыдзенкі і дэлегавалі паўнамоцтвы падпісаць пагадненне «Аб далучэнні да ініцыятывы Еўрапейскага Саюза, мясцовых і рэгіянальных улад «Пагадненне мэраў»» старшыні райвыканкама Сяргею Шматаву.
Што і адбылося на наступны дзень падчас міжнароднага форуму «Інвестыцыі. Інавацыі. Перспектывы.», які праходзіў у Віцебску.

Казімір Пятушка.
На здымку: Падчас падпісання пагаднення
Сяргеем Шматавым і каардынатарам праекта
з Украіны Святаславам Паўлюком.
Фота Зінаіды Палулех.