Сімвал Браслава – рыбак

Главное

IMG_9724 (Medium)Конкурс на лепшы эскіз скульптурнай кампазіцыі – сімвала Браслаўшчыны, аб’яўлены аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, завяршыўся. Нагадаю, браслаўчанам прапанавалася дасылаць у райвыканкам уласныя праекты скульптур, якія б адлюстроўвалі прыродныя ці гістарычныя асаблівасці нашага краю.
На жаль, людзі ўдзельнічалі ў конкурсе не надта актыўна. Тым не менш пэўныя прапановы былі, і камісія падвяла вынікі. Хоць пераможца і не быў вызначаны, адзін з праектаў усё ж узялі за аснову для будучай скульптуры.
Браслаўшчына – край азёр, а значыць, і рыбалкі. Таму сімвалам нашага горада і раёна стане рыбалоў. Па заказе аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама макет будучай скульптуры вырабіў прафесіянальны скульптар з Віцебска Іван Казак, работы якога ўпрыгожваюць многія гарады, у тым ліку і далёкага замежжа. Пакуль пластылінавы рыбак уяўляе з сябе каларытнага мужчыну ў капялюшы. У правай руцэ ён трымае вуду, у левай – злоўленага шчупака. Пад нагамі рыбалова сядзіць кот, які таксама гатовы паласавацца здабычай, толькі меншай. Хутчэй за ўсё макет будзе дапрацаваны, аднак агульная ідэя застанецца нязменнай.
Цяпер жа трэба вызначыць, дзе будзе размяшчацца будучы сімвал. З такім пытаннем райвыканкам зноў звяртаецца да браслаўчан. Свае прапановы наконт месца можна выказваць у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі па тэлефоне 3-51-64. Хочацца спадзявацца, што неабыякавыя да лёсу роднага горада сярод нас усё ж такі ёсць і актыўнасць людзей будзе вышэй, чым на этапе распрацоўкі эскізаў.
Што датычыцца тэрмінаў, то пры наяўнасці сродкаў і канкрэтных прапаноў, скульптура будзе радаваць нас ужо ў гэтым годзе.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.