Наша «Кніга жыцця». Што ў ёй?

Главное

IMG_3145 (Medium)Па шматгадовай традыцыі на заканчэнні калядных святаў тэатральны калектыў браслаўскага касцёла запрасіў у раённы Дом культуры браслаўчан, каб паказаць ім новы спектакль «Куды ноч, туды і сон». Як і папярэднія, ён меў рэлігійную тэматыку, дзе спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці раскрываліся праз прызму нашага паўсядзённага жыцця, праз нашы справы, учынкі, праз празмерную самаўпэўненасць у бязгрэшнасці.
Менавіта такімі былі дзве вясковыя жанчыны-суседкі, якія ў чорным колеры бачылі і такімі ж фарбамі малявалі адна адну і іншых сяльчан. У час такога чарговага высвятлення адносін паміж сабой Хадора (Ларыса Дарафейчык) страціла прытомнасць, а калі ачнулася, зразумела, што яна на «тым свеце» і не ў раі, як спадзявалася, бо лічыла сябе пабожнай, а ў пекле. Вакол яе весяліліся чэрці, ролі якіх ігралі Уладзімір Прахарэнка (Галоўны), Таццяна Пяткун (Лупаты), Андрэй Выжыкоўскі (Кудлаты), а таксама Юля Далецкая, Дана Анісімовіч, Вячаслаў Хоцька, Карына Сільчонак. Нячысцікі ў розных рангах цешыліся, што ў іх стала больш яшчэ на аднаго грэшніка. А вядзьмаркі (Марына Вяршыніна, Алена Сцілба і Караліна Жэбрык) ужо спадзяваліся, што знайшлі сабе добрую памочніцу.
Але не тут было. З уласцівай жанчыне напорыстасцю, Хадора пачала агучваць грахі самой нячыстай сілы, пагражаць, што раскрые на іх вочы самаму галоўнаму з іх. І тады, каб пазбавіцца ад гэтай крыклівай, сварлівай і нястрыманай на язык бабы, чэрці выкінулі яе ў рай.
Абрадаваная Фядора кінулася да св. Пятра (Алег Піртань), сказала яму, што жыла праведна і ведала — трапіць у рай. На што пачула: «Спачатку трэба пачытаць кнігу твайго жыцця». Анёлы (Уладзіслаў Караткоў, Кацярына Дударонак, Дар’я Блізняцова) хуценька прынеслі вялікую цяжкую кнігу «Жыццё Хадоры». Толькі якую б старонку не адкрыў св. Пётр — усюды былі запісаны нядобрыя справы жанчыны. Хадора запярэчыла, маўляў, яна рабіла ў жыцці шмат дабра. І тады была прынесена яе «Кніга добрых спраў», у якой аказаўся адзін і той чысты ліст.
Такім не месца ў раі. Слёзы, каянне, просьбы і св. Пётр уступае — дае жанчыне шанец штосьці паправіць у жыцці — вяртае на зямлю з «інструкцыяй», як трапіць на неба.
З непрытомнасці жанчыну вывела суседка (Наталля Палянская), якая раніцай выйшла з хаты і знайшла Хадору на зямлі «нежывую». А тая, ачнуўшыся, задумалася, што з ёй было: ці то сон, ці можа сапраўды пабыла на тым свеце. Аднак пра рэчаіснасць яе прыгод нагадваў аркуш, разгарнуўшы які жанчыны прачыталі Божыя запаведзі, па якіх чалавеку належыць жыць. Гэта была «інструкцыя» св. Пятра для Хадоры і не толькі для яе, а для ўсіх людзей на зямлі.
Гледачы жыва рэагавалі на падзеі, якія адбываліся на сцэне: апладзіравалі акцёрам, смяяліся, кідалі рэплікі… З многім, што адбывалася там, мы сутыкаемся ў жыцці, здараецца, звыкліся і не рэагуем. На сцэне ж, паказанае з гумарам, некалькі гіпербалізаванае, прымушала задумацца пра сваё жыццё, учынкі, паглядзець на іх больш крытычна. У гэтым, мяркую, і была задума рэжысёра Алены Каспаровіч і арганізатара Іны Сапун, якія звычайную байку дапрацавалі да дзейства з глыбокім сэнсам.
Трэба аддаць ім належнае. Не адзін год на грамадскім пачатках яны збіраюць таленавітых людзей у калектыў, ставяць спектаклі, якія прымушаюць чалавека думаць, і проста радуюць гледача ігрой самадзейных артыстаў, узровень якой расце з года ў год.
Пра гэта па заканчэнні спектакля гаварылі ксёндз біскуп Алег Буткевіч, які, дарэчы некалі іграў у складзе касцёльнага тэатральнага гуртка, гледачы.
Самі ж арганізатар і рэжысёр выказваюць удзячнасць усім, хто спрыяў з’яўленню новага спектакля: артыстам, удзельнікам хору, спевамі якога закончылася прадстаўленне, бацькам дзяцей, якія былі задзейнічаны ў ім, калектывам і кіраўнікам цэнтра дзяцей і моладзі, Дома культуры… А ўсё гэта яшчэ раз пацвярджае, што разам, калі ў адной звязцы ідуць людзі таленавітыя і адказныя, калі яны маюць падтрымку, можна рабіць шмат добрых спраў. Не будзем забываць і пра гэта.

Тамара Пашкевіч.
На здымку: сцэны са спектакля.
Фота аўтара.IMG_3139 (Medium) IMG_3134 (Medium)