Мудры настаўнік і актыўны чалавек

Люди

IMG_9627 (Medium)Вось ужо больш за 20 гадоў дорыць свае веды вучням Дрысвяцкай школы добрая, спагадлівая і працавітая настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Пушкарова. Кожны дзень яна прыходзіць у клас з ветлівай усмешкай, жаданнем працаваць, бачыць перад сабой цікаўныя дзіцячыя вочы, радавацца поспехам і перамогам сваіх вучняў.
За час працы жанчына ні разу не расчаравалася ў выбранай прафесіі. Магчыма таму, што стаць настаўнікам Наталля Іванаўна марыла з дзяцінства. Вучылася дзяўчына ў Опсаўскай школе на выдатна, была актывісткай і сакратаром камсамольскай арганізацыі. Ёй заўсёды падабаліся гуманітарныя навукі, асабліва мова і літаратура, ды і настаўнікі ўмелі так цікава распавядаць на ўроках, што ўвесь клас заслухваўся. Перад вачамі быў і прыклад маці, якая працавала выхавальніцай. Наталля і сама не раз прыбягала да яе на працу, дапамагала. Таму, калі трэба было канчаткова вызначацца з будучай прафесіяй, упэўнена сказала: “Буду настаўніцай”, якраз было і накіраванне на філалагічны факультэт БДУ.
Перспектыва вярнуцца ў родны Браслаўскі раён маладую настаўніцу не пужала, наадварот, было жаданне працаваць на радзіме. У 1992 годзе Наталля Іванаўна па размеркаванні трапіла ў Дрысвяцкую школу, з таго часу гэта ўстанова і стала для яе роднай.
– Я люблю сваю справу і ўпэўнена магу сказаць, што школа стала маёй стыхіяй, — дзеліцца Наталля Іванаўна. — Калі ты бачыш, што вучні неабыякавыя да прадмета, разумеюць яго, то адчуваеш, што твая справа недарэмная. Увогуле ж лічу, што настаўнік павінен быць мудрым і цярплівым, бо вынікаў дабіцца магчыма толькі карпатлівай працай.
Па характары чалавек энергічны, ініцыятыўны і актыўны, Наталля Іванаўна ва ўсім такая. Калі бярэцца за справу, то робіць яе толькі з усёй аддачай. Сярод вучняў таленавітай настаўніцы шмат пераможцаў розных творчых конкурсаў, алімпіяд. У якасці класнага кіраўніка Наталля Іванаўна выпусціла тры пакаленні школьнікаў, якія зараз з удзячнасцю ўспамінаюць сваю настаўніцу. У школе жанчына ўзначальвае прафсаюзны камітэт, піша сцэнарыі свят, мерапрыемстваў, прэзентацыі, калі трэба кагосьці павіншаваць, тут жа прыдумае вершаваныя радкі.
Увогуле напісанне вершаў – любімае захапленне Наталлі Пушкаровай, пра якое трэба сказаць асобна.
— Ні ў школе, ні ва ўніверсітэце напісаннем вершаў я не захаплялася. А вось калі прыйшла на працу, трэба было дапамагаць дзецям пісаць сцэнарыі да мерапрыемстваў. А потым узнікла жаданне напісаць нешта сур’ёзнае, пакласці думкі на паперу. Узнікла нечаканае натхненне, і вершы самі пачалі з’яўляцца.
Паэзія Н. Пушкаровай, як яна сама прызнаецца, лірычная і сумная. Такія вершы ў яе найбольш атрымліваюцца. Натхненне ж узнікае знянацку, ці калі займаецца справамі, ці вечарам, калі не можа заснуць. Разам з калегай і сяброўкай Аленай Радзевіч, таксама паэтэсай, яны стварылі ў школе літаратурнае аб’яднанне, дзе вучаць дзяцей пісаць вершы, выпускаюць школьныя зборнікі. Жанчыны часта выязджаюць у іншыя школы на літаратурныя сустрэчы з вучнямі і педагогамі, запрашаюць да сябе ў госці, цесна супрацоўнічаюць з літаратурным аб’яднаннем “Ветразь надзеі”. Вершы Наталлі Пушкаровай не раз друкавалася і на старонках нашай газеты.
Сапраўды кажуць, што калі чалавек таленавіты, то ва ўсім. Наталля Іванаўна — цудоўны педагог, паэтэса, а яшчэ яна на працягу 20 гадоў спявае ў народным калектыве “Вярба”, у вёсцы яе ведаюць як добрую і руплівую гаспадыню, каля дома якой заўсёды парадак і буяюць кветнікі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.