Афганістан як школа жыцця

Главное

IMG_9691 (Medium)Так супала, што ў класе, дзе ў свой час вучыўся воін-інтэрнацыяналіст Сяргей Шакур, цяпер знаходзіцца музей, прысвечаны памяці афганскай вайны. Тады малады браслаўчанін яшчэ не ведаў, што лёс крэпка звяжа яго з тымі страшнымі падзеямі.
У армію хлопец прызваўся з Лепеля, дзе вучыўся ў гідратэхнічным тэхнікуме. Было гэта вясной 1987 года. Адразу трапіў у Барысаў. Там у першы ж дзень навабранцаў пастроілі і спыталі пра наяўнасць правоў на кіраванне аўтамабілем. Сяргей зрабіў крок наперад, бо “корачкі” меў яшчэ дзякуючы ВВК. Тут жа трэба было вызначыцца: застацца на месцы вадзіцелем УАЗа ці пайсці служыць на грузавую, але невядома куды. Тады салдаты разважылі прыкладна так: ісці ў Савецкую Армію, каб быць амаль побач з домам? Не, лепш паглядзець вялікую краіну. Таму многія і абралі другое.
Вечарам таго ж дня навабранец Сяргей Шакур ужо ляцеў у Сярэднюю Азію. “У Мінску, дзе мы грузіліся ў самалёт у пачатку мая было вельмі холадна, недзе +6”, – успамінае мужчына. — Пасадка ў Грозным для дазапраўкі – ужо 29оС, а ў Ашхабадзе, куды мы прыляцелі ноччу, былі ўсе 32 градусы спёкі. Ніколі не забуду тое густое паветра.”
Далей была вучэбка ў горадзе Іалатань, што на самой мяжы з Афганістанам. Браслаўчанін трапіў у мотастралковы полк. Тыя паўгода былі вельмі цяжкімі. Салдаты праходзілі жорсткую падрыхтоўку ў гарах і пустыні. Па словах Сяргея, ні днём, ні ноччу спакою не было – пастаяннае вымуштроўванне на рэальныя ўмовы вайны. Тым не менш у будучым байцы былі толькі ўдзячныя сваім камандзірам. Як кажуць, цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі.
У лістападзе 87-га нага радавога Шакура ўпершыню ступіла на афганскую зямлю. Пасля абавязковых працэдур, як то агляд і вакцынацыя, Сяргей трапіў у роту забеспячэння артылерыйскага палка. У яе задачы ўваходзіла дастаўка артылерыстам боепрыпасаў, паліва для самаходак, абмундзіравання, прадуктаў харчавання і іншага. Не адну тысячу кіламетраў па выпаленай зямлі праехаў “КамАЗ” нашага земляка. Рухаліся заўсёды калонай, каляя ў каляю, каб не нарвацца на міну. Ні для каго не сакрэт, што савецкія калоны былі аб’ектам палявання ў духаў, таму кожны рэйс мог стаць апошнім. Асабліва ў гэтым плане не шанцавала вадзіцелям бензавозаў. Іх называлі смертнікамі… Увогуле пабачыць давялося ўсё: і засады, і абстрэлы, і народжаных у кашулі. Пільным трэба было быць пастаянна, бо выпадковая куля ці снарад, якія рэдкасцю не былі нават у час адпачынку, маглі вырашыць усё.
Вайна цалкам перавярнула светаўспрыманне маладога мужчыны. Усё, што раней казалася важным, цяпер знаходзілася ў ценю сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. “Калі побач ходзіць смерць, пачынаеш па-іншаму глядзець на рэчы. На першы план выходзяць пачуццё справядлівасці, адказнасці за таварыша. Калі жывеш па сумленні, то маеш права спадзявацца на тое, што спіну табе прыкрыюць, — кажа Сяргей і тут жа дадае: яшчэ важна не тое, што ты робіш, як да гэтага ставішся. Трэба верыць у лепшае, і тады бяда абміне. На адваротнае наглядзеўся спаўна…”
Даслужыў мужчына да моманту вываду войск. Памятае, як духі ў апошнія тыдні знаходжання Савецкай Арміі ў Афганістане ўзмацнілі дыверсійную дзейнасць. Мясцовае ж насельніцтва прама на вачах у нашых салдат расцягвала ўсё, што за час вайны было створана і пабудавана савецкімі спецыялістамі. Саміх жа ваеннаслужачых не пакідала пачуццё крыўды за тое, што іх таварышы загінулі за справу, якая цяпер аказалася нікому не патрэбнай.
Зараз Сяргей Шакур працуе экспедытарам у райпа і вядзе актыўны лад жыцця. Імкнецца перадаць жыццёвы вопыт сыну Аляксандру і служыць яму выдатным прыкладам сапраўднага мужчыны. Мае шэраг узнагарод, сярод якіх медаль “За баявыя заслугі”.
Вядома, вайна пакінула значны след у памяці юнака – такое не забываецца. Аднак яна ж узнагародзіла хлопца і абвостраным пачуццём справядлівасці, якое разам з сумленнем ўлічваецца пры прыняцці любога жыццёвага рашэння. Як жа гэтага не хапае сучаснай моладзі…

Вячаслаў Каладынскі.