Трывожная дарога дадому

Актуальное

IMG_7932 (Small)— Вайну скончыць!
З усіх загадаў гэты быў самы радасны. І самы доўгачаканы, бо некалькі разоў яго тэрмін пераносіўся. Безумоўна, загад галоўнакамандуючага арміі гучаў не так. Аддадзены ён быў па ўстаўной вайсковай форме, толькі сутнасць адна — вяртанне на Радзіму.
А да гэтых запаветных слоў за плячама Мікалая Прытыцкага быў год службы на ваеннай афганскай зямлі, дзе пераадолена на «КАМАЗе» па пустыннай раўніне і горных дарогах дзясяткі тысяч кіламетраў.
Воін-інтэрнацыяналіст М. Прытыцкі родам з вёскі Луні. Пасля заканчэння мясцовай школы ён атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля ў тагачасным Друйскім СПТВ і амаль год працаваў у меліярацыйнай сістэме.
Павестку з ваенкамата юнак атрымаў перад самым Днём Перамогі, таму праводзіць будучага салдата ў армію родныя і блізкія сабраліся на 9 Мая. Магчыма, моцная жыццёвая сіла гэтага светлага дня захавала Мікалая ад варожай кулі.
Калі навабранцаў на поездзе даставілі ў Самарканд, яны зразумелі: іх чакае Афганістан.
— Спярша асаблівага страху не было, — прызнаецца Мікалай Іосіфавіч, — але ва ўсім адчувалася напружанасць і чаканне невядомага.
Амаль тры месяцы вучэбкі прайшлі хутка, бо аўтамабільная, баявая і палітычная падрыхтоўка вялася інтэнсіўна.
У Афганістане свае вадзіцельскія навыкі Мікалай спачатку ўдасканальваў са стараслужачым. І ад таго, наколькі хутка навічок асвоіць прамудрасці ваджэння «КАМАЗам» па горных дарогах залежала вяртанне «настаўніка» дадому. Таму вучоба праходзіла ў сурова.
Да кожнага рэйса М. Прытыцкі рыхтаваўся старанна і з усёй адказнасцю, бо ад спраўнасці магутнага цягача залежала яго жыццё.
У калоне налічвалася каля ста машын з небяспечным грузам — нафтай і боепрыпасамі. Безумоўна, была тэхнічная дапамога і ахова, але менавіта такія калоны больш за ўсё цікавілі «духаў».
Нягледзячы на саракаградусную спёку, кожнаму вадзіцелю выдавалася поўнае абмундзіраванне, зброя і бронежылет. Гэта былі меры перасцярогі, бо па дарозе здаралася ўсялякае: абстрэлы, аварыі, непрадказальныя прыпынкі. Да ўсяго трэба было быць гатовым.
А яшчэ абавязкова адну кулю са сваімі данымі ў сярэдзіне вешалі на шыю, а другую — трымалі ў кішэні. Гэта сучасныя воіны маюць металічныя жэтоны з асабістымі нумарамі, а раней — кулі.
— Вельмі даймала спякота, — успамінае Мікалай Іосіфавіч, — таму бронежылеты надзявалі толькі на самых небяспечных участках дарогі. З лабавога шкла аўтамабіля здымалі «браню», бо ад яе ў кабіне было, як у парылцы. Біклажку з вадой закручвалі ў вільготную коўдру, але гэта не астуджвала ваду.
Каб не захварэць на малярыю або тыф, у ваду салдаты дабаўлялі хлёрку. Вялікага смаку ад такога піцця не было, тым не менш гэта пітво, хоць і ненадоўга, але выратоўвала ад смагі.
Цэлы год дзень у дзень салдат-вадзіцель М. Прытыцкі садзіўся за руль свайго цягача і разам з калонай аўтамашын выпраўляўся па горным серпанціне ў доўгі і трывожны шлях. Рухаліся толькі ў светлы час сутак, але і сонечнае святло не ратавала ад «душманскіх» куль. Таму прыходзілася пільна, да болю ў вачах, углядацца ў дарогу, моцна трымаць руль у руках і хутка рэагаваць на розныя перашкоды.
А яшчэ стомленасць і міражы… Гэтыя спадарожнікі вадзіцеля па пустыні былі не менш небяспечнымі, чым абстрэлы «духаў». Не адзін раз Мікалай, задрамаўшы за рулём, ледзь паспяваў затармазіць, каб не з’ехаць на абочыну дарогі, нашпігаваную мінамі, або пераадольваў жаданне звярнуць да возера ці мора, якое раптам узнікала сярод жоўтых пяскоў.
— Прырода там дзіўная, — дзеліцца ўражаннямі М. Прытыцкі, — за дзень можна было ўбачыць сцюдзёную зіму на горным хрыбце, калі спускаешся ніжэй, — вясну, а на раўніне — зноў спёка.
Такія казачныя для беларуса пераўтварэнні, кажа Мікалай Іосіфавіч, асаблівага замілавання не прыносілі, бо за гэтай прыгажосцю хавалася смерць.
Складаным і цяжкім быў і шлях дадому. Прыйшлося прабівацца праз перавалы, снежныя, а часам і свінцовыя завірухі.
І колькі было шчасця, які вялікі цяжар упаў з плячэй нашага земляка, калі колы яго машыны пераехалі дзяржаўную мяжу Радзімы, дзе воінаў-інтэрнацыяналістаў сустракалі савецкія мірныя людзі з кветкамі і радаснымі крыкамі.
Дамоў Мікалай Прытыцкі, на шчасце, вярнуўся без раненняў і кантузій, з граматай «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа». І толькі праз 17 гадоў афганская вайна зноў напомніла пра сябе, калі яму ўручылі медаль «За баявыя заслугі».
Сёння Мікалай Іосіфавіч жыве ў сваёй роднай вёсцы. Ён — чалавек сямейны, мае дачку і працуе ў ААТ «Слабодка-агра».

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *