Спыніся, імгненне! Ты цудоўнае

Актуальное

В газету (Small)Згадзіцеся, што эпізоды любімага свята, цікавай падзеі ў жыцці заўсёды хочацца захаваць у архіве. Сфатаграфаваць сёння можа амаль кожны, тэхніка дазваляе гэта рабіць нават няўмелым. А вось зрабіць якасны здымак – справа прафесіянала. Да ліку такіх можна аднесці і маладых фатографаў Міхаіла Яроцкага і Уладзіміра Урублеўскага. Іх работы браслаўчане маглі бачыць на фотавыстаўцы, якая была арганізавана ў снежні ў музеі традыцыйнай культуры. Імгненні з жыцця прыроды, людзей, якія зафіксаваў фотаапарат, здзіўлялі сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю.
Абодва маладыя мужчыны ўмела валодаюць графічнымі камп’ютарнымі праграмамі, сакрэтамі спецэфектаў, святла і ценю, з дапамогай якіх ствараюць сапраўдныя шэдэўры. У кожным са здымкаў адчуваецца стыль аўтара.
Днямі Міхаіл і Уладзімір адкрылі ўласную фотастудыю “Чорнае і белае”. Размясцілася яна ў будынку гасцініцы, у былым магазіне “Інвіс”. Маладыя прадпрымальнікі вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна, якое дапамагло выдзеліць у арэнду памяшканне, дзе за дастаткова кароткі час яны стварылі ўсе ўмовы для работы, абсталявалі студыю неабходнай тэхнікай.
Тут можна будзе заказаць фотаздымку на любы густ: вясельнае фота, сямейнае, дзіцячае, на дакументы. Праўда, стаўку ўсё ж маладыя фатографы робяць на мастацкую фатаграфію. Гэта ім больш падабаецца і бліжэй да сэрца.
Для Уладзіміра і Міхаіла фота – гэта інструмент самавыражэння. Яны маюць багаты вопыт у гэтай справе і імкнуцца, каб людзі мелі на памяць не проста кавалачак паперы з нейкай выявай ці партрэтам, а сапраўдную мастацкую фатаграфію.
Фатографы разлічваюць атрымліваць заказы на выраб школьных, дзетсадаўскіх выпускных альбомаў. Разлічваюць, што з цягам часу будуць запатрабаваны і рэкламныя фота. Прадпрымальнікі могуць прапанаваць аформіць і альбом сваёй lovestory. Гэта і цікава, і арыгінальна. Да таго ж многім бацькам хочацца мець фота свайго дзіця ад нараджэння да сталення. І тут фатографы з задавальненнем прыйдуць на дапамогу.
Акрамя студыйнай фотаздымкі, можна заказаць і здымку на выездзе. Словам, як кажуць, любы капрыз па вашым жаданні будзе выкананы. Кожнаму кліенту, які пажадае зрабіць фотасесію, будзе назначаны зручны для яго дзень і час. Дарэчы, у перспектыве М. Яроцкі і У. Урублеўскі разлічваюць мець у штаце свайго стыліста і візажыста, якія дапамогуць чалавеку як след падрыхтавацца да здымання.
А яшчэ ў планах маладых людзей арганізаваць аматарскі гурток па фота для тых, хто хоча больш даведацца пра гэта мастацтва, пазнаць яго сакрэты. Уладзімір і Міхаіл гатовы падзяліцца тымі сакрэтамі, якія ведаюць самі.
Словам, маладыя апантаныя прадпрымальнікі пастараюцца сваім уласным прыкладам даказаць, што фатаграфія – гэта тое ж мастацтва.
А перад уваходам у фотастудыю размясціўся 5Д кінатэатр. Тут можна паглядзець кароткаметражныя відэаролікі і адчуць сябе ў цэнтры падзей, што адбываюцца на экране. Кошт такога задавальнення 25 тысяч рублёў. А працуе ён таксама, як і фотастудыя, з 9 да 18 гадзін.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *