Прымаюць хвалі людскіх праблем

Актуальное

IMG_7721 (Small)У мінулую пятніцу дзверы раённага Дома культуры былі гасцінна адчынены для работнікаў і спецыялістаў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва — людзей, якія першымі прымаюць на сябе хвалі людскіх праблем і па меры сваіх магчымасцей дапамагаюць рашаць іх. Завіталі на свята і тыя, хто карыстаецца паслугамі і падтрымкай гэтых міласэрных спецыялістаў, каб выказаць ім шчырыя словы ўдзячнасці.
З нагоды прафесійнага свята прысутных павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна падкрэсліла, што наша дзяржава надае вялікае значэнне падтрымцы і дабрабыту малазабяспечанай катэгорыі насельніцтва краіны. За 95 гадоў існавання сацыяльнай службы назапашаны вялікі вопыт і практыка ў рабоце з людзьмі, якія прыходзяць у сацыяльную ўстанову са сваёй бядой, болем, праблемамі і спадзяюцца на паразуменне і дапамогу. Іна Лысенка пажадала моцнага здароўя, поспехаў і цярпення ў нялёгкай працы сацыяльнага работніка і ўручыла ўзнагароды лепшым працаўнікам раённай сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Дырэктар ТЦСАН Вольга Вялічка паведаміла, што за мінулы год па дапамогу ў сацыяльную ўстанову звярнуліся 6 417 чалавек, што на 1 586 больш, чым за 2012 г.
Паслугамі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ахоплены 153 населеныя пункты раёна, карыстаюцца імі 600 жыхароў непрацаздольнага ўзросту. Абслугоўваюць іх 112 сацработнікаў. Усе яны з’яўляюцца добрымі памочнікамі для састарэлых людзей.
Вялікую ўвагу супрацоўнікі аддзялення надаюць ўкараненню інавацыйных форм сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Так, у раёне ўжо налічваецца пяць прыёмных, адна гасцявая і чатыры патранатныя сем’і, дзейнічаюць тры «дамы зімоўкі» і пяць сумеснага пражывання грамадзян састарэлага ўзросту. У канцы мінулага года пры аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі адкрыўся «крызісны пакой» для часовага прытулку грамадзян, якія пацярпелі псіхалагічнае насілле ў сям’і.
Як адзначыла В. Вялічка, аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання аказвае разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі — дапамагае ў распілоўцы і складзіраванні дроў, рамонце надворных пабудоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў і іншыя. За мінулы год выканана 667 такіх паслуг 580 грамадзянам непрацаздольнага ўзросту на суму 27,0 млн. руб.
Цікавае і насычанае жыццё ў наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Для іх дзейнічаюць гурткі па дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Очумелые ручки», сацыяльна-бытавой адаптацыі «Утульны дом», спартыўны «Грацыя» і іншыя, функцыянуюць працоўныя майстэрні для інвалідаў «Аленький цветочек» і міні-паліграфічная «Шлях у незалежнасць», створана валанцёрская група.
Работнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ў Барунах імкнуцца стварыць па-хатняму ўтульныя ўмовы для сваіх пастаяльцаў. У сярэднім утрыманне аднаго пражываючага ў гэтай установе складае ў месяц 2,7 млн. руб.
За мінулы год тэрытарыяльным цэнтрам рэалізаваны два сацыяльных праекты. Першы — дзякуючы дапамозе таварыства «Карытас», якое прадаставіла абсталяванне для міні-паліграфічнай майстэрні на суму 20,6 млн. руб. У рамках рэалізацыі другога праекта са снежня 2013 г. дзейнічае інфармацыйны цэнтр для састарэлых людзей.
Вольга Вялічка павіншавала супрацоўнікаў сацыяльнай сферы са святам і выказала словы падзякі за іх цяжкую, але такую неабходную працу.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Цяцера акрэсліла ўвогуле дасягненні сацыяльнай службы раёна і планы на будучыню.
Ад імя ветэранаў са шчырымі словамі ўдзячнасці ў адрас работнікаў сацыяльнай сферы выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Іван Цялежнікаў.
А далей святочны і радасны настрой сваімі нумарамі мастацкай самадзейнасці падоўжылі артысты раённага Дома культуры.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.IMG_7723 (Small) IMG_7725 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *