IMG_0210

Падставіў пад кулі юнацкае сэрца

Актуальное

IMG_0210Набліжаецца 25- годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. З гэтай страшнай вайны з тых, хто прайшоў усе яе жахі, з нашых землякоў не вярнуўся дамоў Валерый Александровіч. Але памяць пра яго застаецца ў сэрцах браслаўчан і застанецца назаўсёды.
Яго магілу пастаянна даглядаюць вучні Ахрэмаўскай школы, штогод туды прыязджаюць прадстаўнікі мясцовай улады, ветэранскай арганізацыі, там заўсёды ёсць вянкі і кветкі. Напярэдадні гэтай падзеі хочацца яшчэ раз успомніць пра Валерыя, пра якога ў 1989 годзе мне вельмі падрабязна пры сустрэчы расказвала яго маці Бярнарда Браніславаўна. На жаль, сёння яе ўжо таксама няма сярод нас.
“З дзяцінства Валера быў вельмі пяшчотным, добразычлівым і памочнікам ва ўсіх справах. Пасля заняткаў звычайна прыбягаў да мяне на ферму. Карміў, паіў кароў. Дома ж упраўляўся і па хатняй гаспадарцы. Ні хвілінкі не мог сядзець без справы. Такім ён, мой сынок, і застаўся ў маёй памяці”.
Маці пасля кожнага слова змахвала слязу, бо не магла ўзгадваць падзеі страшнага дня ў яе жыцці — 22 мая 1987 года. Менавіта ў гэты дзень загінуў Валера.
І зноў жа з успамінаў Бярнарды Браніславаўны: “Прыйшла з фермы. А так неспакойна на душы. Нават вячэраць не стала. Доўга глядзела тэлевізар, а недзе ля першай гадзіны ночы пастукалі ў акно. Сэрца, здаецца, абарвалася. Калі адчыніла хату і ўбачыла чалавека ў ваеннай форме, у галаве адразу ўзнікла страшная думка, што здарылася бяда з сынам”.
Сапраўды, матчына сэрца не падманеш. Вайна ў Афганістане забрала ў Александровічаў самае дарагое – сына.
Валера закончыў восем класаў Ахрэмаўскай школы, затым паехаў у Рыгу і паступіў у суднарамонтнае вучылішча. Працаваць уладкаваўся па спецыяльнасці. Яму падабалася прафесія, якую выбраў для сябе сам. З Рыгі яго і прызвалі ў армію.
І затым радкі ў біяграфіі Валерыя Александровіча мільгалі адзін за адным. Арджанікідзе, Ташкент, Кабул…
“Трапіў служыць на мяжу, — пісаў сын у пісьме. – Невыносная спёка, вакол горы”.
Дарэчы, гэта пісьмо ў пажоўклым ад часу канверце захавалася і сёння, і яно адзінае ад Валерыя для яго сям’і і родных.
Служыў В. Александровіч вадзіцелем БТР, суправаджаў грузы з Кабула. У той ракавы для яго дзень БТР трапіў пад абстрэл “духаў”.
Некаторым можа здацца, што ён і не здзейсніў подзвігу, бо праслужыў на афганскай зямлі не больш за два тыдні, аднак ён падставіў пад кулі сваё юнацкае сэрца, выратаваў ад бяды таварышаў.
Валерый Александровіч пахаваны ў Мелеўцах, там, дзе раней жыла яго сям’я. Адтуль ён хадзіў у школу, там прайшлі дзяцінства і юнацтва і назаўсёды засталася родная хата.
Вайна ў далёкім Афганістане закранула чорным крылом сям’ю Александровічаў. А колькі такіх сем’яў у нашай Беларусі.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.