Падарункі за творчасць

Актуальное

IMG_7661 (Medium)Як паведамляла наша газета, з 10 снежня праўленне райспажыўтаварыства сумесна з адміністрацыяй Друйскага дзіцячага дома ладзілі акцыю для выхаванцаў гэтай установы «Дары дабро — стань Дзедам Марозам». На ялінцы, якая ўпрыгожвае другі паверх універмага, замест цацак былі вывешаны малюнкі дзяцей. Любы наведвальнік гандлёвай установы мог выбраць сабе твор юных мастакоў, што спадабаўся, а ў замен купіць падарунак для аўтара.
Усяго на цуда-ялінцы было вывешана 34 малюнкі ад 25 аўтараў. Падарункаў жа аказалася значна больш. Як патлумачыла старшыня спажывецкага таварыства Людміла Бабенка, шмат мецэнатаў спецыяльна не забіралі малюнкі, каб іх маглі набыць іншыя.
Напярэдадні Новага года Л. Бабенка асабіста адвезла ў дзіцячы дом падарункі, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы і ўручыла іх юным мастакам. Многія атрымалі іх па тры-чатыры.
Такім чынам гэтая дабрачынная акцыя паказала, што на Браслаўшчыне жыве шмат нераўнадушных людзей, за што праўленне выказвае ўсім ім сваю падзяку.
Афіцыйна свае прозвішчы ў ведамасцях пакінулі 34 чалавекі. Рэдакцыя вырашыла не пералічваць іх, бо не ўсе ўдзельнікі акцыі пажадалі рэгістравацца і куплялі падарункі ананімна.
На мой жа погляд, у гэтай акцыі ёсць яшчэ адзін бок: мецэнаты далі зразумець дзецям, што творчасць прыносіць не толькі духоўнае задавальненне, а і матэрыяльны стымул. Аўтары малюнкаў атрымалі за свае творы першы ў жыцці ганарар. Мабыць, кагосці з іх гэта падштурхне на шлях прафесійнага майстэрства.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *