Манікюр ад Аксаны

Актуальное

IMG_7908 (Small)Прафесія майстра манікюра – педыкюра адна з творчых і запатрабаваных відаў дзейнасці. Яна патрабуе ад спецыяліста гэтай сферы дакладных дзеянняў, адточаных да інтуітыўнасці, бясконцага жадання крэатывіць. Майстар павінен быць да таго ж уседлівым, цярплівым і імкнуцца пастаянна ўдасканальваць і развіваць сваё майстэрства. Думаю, са мной пагодзяцца многія, хто рабіў і робіць манікюр і педыкюр у Аксаны Аніські ў манікюрным кабінеце “Nails”, што на вуліцы Ленінскай, што яна спаўна валодае ўсімі гэтымі якасцямі.
Крыху больш за год Аксана займаецца гэтай справай, але і за такі непрацяглы час змагла займець нямала пастаянных кліентаў, ад якіх чуе ў свой адрас толькі ўдзячнасці. Працуе Аксана па папярэднім запісе, бо працэдуры займаюць не адну гадзіну.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што А. Аніська з’яўляецца ўніверсальным майстрам. Яна валодае многімі сучаснымі тэхнікамі манікюра, добра арыентуецца ў сучасных тэндэнцыях пазногцевай моды. Умее падабраць для кожнага кліента прыгожую і актуальную форму, параіць варыянты дызайна, спосаб догляду рук. Бо, згадзіцеся, незалежна ад таго, мужчына вы ці жанчына, носіце доўгія пазногці ці кароткія, пакрыты яны лакам ці не – рукі павінны заўсёды быць у бездакорнай форме. Ім належыць удзяляць не менш увагі, чым твару і валасам.
Манікюр – гэта штрых у стварэнні цэласнага вобразу стыльнай сучаснай жанчыны, а ў апошні час паслугамі такіх майстроў усё часцей пачалі карыстацца і мужчыны. І гэта апраўдана. Любы чалавек, які сябе паважае і часта бывае на розных прыёмах, павінен выглядаць дастойна і дагледжана, як кажуць, ад галавы да кончыкаў пазногцяў.
Аксана прапануе сваім кліентам класічны, французскі, іншыя віды манікюра, парафінатэрапію, масаж, словам, поўны спектр паслуг. Навучылася яна ў свой час гэтаму майстэрству ў Мінску, але і цяпер пастаянна цікавіцца навінкамі ў накірунках моды, колеравай гаме. Магчыма, некаму можа здацца, якая ж мода можа існаваць на манікюр. А яна і сапраўды ёсць, у залежнасці ад сезона, агульнага іміджу чалавека, ад сітуацыі, для якой ён рыхтуецца. Безумоўна, вясельны манікюр ніяк не будзе падобным на штодзённы, бо першы робіцца для важнага ў жыцці выпадку.
Аксана пільна сочыць таксама за захаваннем усіх санітарна-гігіенічных правілаў пры рабоце, стэрыльнасцю патрэбных інструментаў, што таксама вельмі важна. А яшчэ ў яе ёсць адна дастаткова добрая рыса характару. Нярэдка для сваіх кліентаў А. Аніська не проста майстар, а асабісты псіхатэрапеўт. Яна ўмее выслухаць, падтрымаць размову або проста памаўчаць разам. За час працы змагла падабраць ключык да кожнага кліента, які многага варты. Сядзець больш за дзве гадзіны моўчкі тут ніхто не прывык.
Слова манікюр пайшло ад лацінскіх манус – рука і кура – догляд. З гэтага вынікае, што манікюр не проста пакрытыя лакам ці намаляваныя пазногці, а перш за ўсё догляд за рукамі. У Аксаны Аніські можна атрымаць гэтыя паслугі ў комплексе і застацца задаволеным.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *