IMG_9141 (Medium)

Калядныя сустрэчы

Актуальное

IMG_9141 (Medium)Нараджэнне Хрыстова ўсяляе ў людскія сэрцы надзею і любоў, напаўняе жыццё радасцю і добрымі сустрэчамі. Праваслаўныя вернікі адзначылі гэта вялікае свята 7 студзеня. Пасля саміх Каляд пачаліся святкі, калі людзі наведваюцца адзін да аднаго, усхваляюць Хрыста, спяваюць, дораць падарункі. Вось на такую сустрэчу сабраліся ў другі дзень Каляд у гімназіі вучні гэтай установы, гарадскіх школ, нядзельнай школы, якая працуе пры Свята – Панцеляймонавым манастыры, настаўнікі.
А ў госці да сабраўшыхся завіталі наведвальнікі нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Лекарка” Віцебскай абласной бальніцы з каляднай праграмай. Усіх шчыра вітаў пратаіерэй Анатоль, благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскай царквы. Ён расказаў гісторыю нараджэння Хрыстова, павіншаваў з гэтым цудоўным святам і пажадаў духоўнай радасці, дабрабыту, міласці Божай. А затым адбыўся невялікі канцэрт. Напрыканцы яго некалькі песень выканалі і вучні браслаўскай нядзельнай школы.
У зале панавала добразычлівая, сяброўская атмасфера, гучала шмат цёплых сардэчных слоў віншаванняў і пажаданняў. Вядома ж, не абышлося ў такі дзень і без падарункаў. Госці атрымалі на памяць пра сустрэчу саладосці, а дарослыя – кнігі пра Браслаўшчыну. Пасля гімназіі віцебскія вернікі наведаліся таксама з канцэртнай каляднай праграмай у Друйскую сярэднюю школу.
На гэтым прыемныя сюрпрызы не закончыліся. Айцец Анатоль па добрай традыцыі наведаўся з падарункамі ў сацыяльныя ўстановы раёна – дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, псіханеўралагічную бальніцу “Слабодка”, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх састарэлых людзей і інвалідаў у Барунах. У святочныя калядныя дні гэтым людзям таксама неабходна ўвага і душэўная спагада. З такой высакароднай місіяй айцец Анатоль ужо каторы год запар стараецца хоць нечым падтрымаць і парадаваць хворых і адзінокіх.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.