Калі работа натхняе

Люди

IMG_9180 (Medium)Малады бібліятэкар Ганна Маслякова – адна з тых, хто прывык ставіць сабе мэты і не спыняцца, пакуль яны не будуць цалкам дасягнуты. І не важна, праект то аднаго тыдня альбо ўсяго жыцця.
Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчына шчыра цікавілася ўсім, што было звязана з гісторыяй, краязнаўствам і археалогіяй. Таму яшчэ задоўга да заканчэння школы яна добра ведала, чым будзе займацца ў жыцці. Дыплом Полацкага педагагічнага каледжа па спецыяльнасці турызм і гасціннасць, атрыманы ў 2008 годзе, стаў чарговай ступенькай у лесвіцы прафесійнага развіцця. Зараз жа Ганна завочна вучыцца ў ВДУ імя П.М. Машэрава на менеджара па турызме.
Пасля каледжа дзяўчына вярнулася ў родную Друю і ўладкавалася бібліятэкарам. Сказаць, што там яна знайшла сябе, значыць, нічога сказаць. Работа з рознымі людзьмі раскрыла магутны творчы патэнцыял маладога спецыяліста. Яго хапае і на асноўную дзейнасць, і на шматлікія іншыя праекты. Так, намаганнямі менавіта Ганны Масляковай у бібліятэцы з’явіўся этнаграфічны вугалок. Нягледзячы на тое, што яго ўжо можна смела паказваць і школьнікам, і афіцыйным дэлегацыям (што, дарэчы, з поспехам і робіцца), калекцыя пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Да таго ж малады бібліятэкар – часты ўдзельнік прафесійных конкурсаў.
Фантазія дзяўчыны знаходзіць выйсце і ў афармленні шматлікіх тэматычных выстаў і падборак літаратуры. Адна з апошніх прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі. З пачатку года ў бібліятэцы працуе Школа ветлівых навук, закліканая адтачыць веды па этыкеце як дзяцей, так і больш сталых пакаленняў. Сааўтарам такой цікавай ініцыятывы таксама з’яўляецца Ганна. Ва ўсе пачынанні малады бібліятэкар імкнецца прыўнесці нешта новае і прыгожае. Дарэчы, кіраўніцтва ЦБС і характарызуе спецыяліста як вельмі годнага, творчага супрацоўніка, які ведае, як са штодзённай працы зрабіць цікавае і неардынарнае дзейства.
Па прызнанні ж самой Ганны, яе натхняе работа з людзьмі. І не важна, дзеці прыйшлі на навагоднюю выставу, ці пенсіянеры просяць знайсці неабходную прававую інфармацыю ў сусветнай павуціне – зрабіць усё трэба так, каб потым не было сорамна. Нездарма ж дзяўчына абрала сваім жыццёвым крэда выраз невядомага аўтара: “Выдатныя дзеячы фарміруюцца не за кошт прыгожых прамоваў, а ўласнай працай і яе вынікам.” І, трэба зазначыць, для Ганны Масляковай гэта не пустыя словы.
На пытанне пра планы на будучыню дзяўчына ўсміхаецца і кажа, што пакуль для асабістага развіцця і свабоднага выхаду творчай энергіі ў яе ёсць усе ўмовы. А што будзе далей, пакажа яго вялікасць час.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *