DSC02919

Дэтэктыўны раман ад Рады Мурашкі

Общество

DSC02919Часта бывае так: чалавек, які чытае, потым піша… Прыемнай нечаканасцю для многіх браслаўчан стала навіна – у маладой дзяўчыны Рады Мурашкі выйшла кніга. Твор “Не чужыя людзі” надрукаваны ў выдавецтве «Букмастер» тыражом 2500 экзэмпляраў. Сюжэт дэтэктыўны, хоць кніга выдадзена ў серыі “Сучасны раман пра любоў”. У хуткім часе яна паступіць у продаж у кніжныя магазіны і інтэрнэт-краму OZ.by.
Для жанчыны Леры, уладальніцы сеткі магазінаў жаночага адзення, наступае ў жыцці момант, калі яна вымушана змагацца са сваімі страхамі. Даведацца, хто з яе асяроддзя забаўляецца тым, што ўзломвае крамы і пакідае маленькіх плюшавых мядзведзянятак, не проста. Так Лера становіцца на шлях змагання са сваім недаверам да людзей, якімі раней часта грэбавала з-за абставін падчас заробку грошай і забеспячэння ўласнага быту. Гэта коратка пра сюжэт.
Першым чытачом рамана стала маці Рады. Акрамя бацькоў, да выхаду кнігі пра яе ніхто не ведаў. Рада Мурашка творы пачала пісаць на першым курсе, але “ў стол”, бо тады яшчэ нічога вартага друку не атрымлівалася. Дэтэктыўны раман “Не чужыя людзі” – першы, які спадабаўся ёй самой. Вось так, крытычна ацэньваючы сітуацыю, дзяўчына даслала рукапіс у розныя выдавецтвы. Калі з аднаго з іх прыйшоў станоўчы адказ, падзялілася з бацькамі шчаслівай навіной і чакала выхаду кнігі. Потым ужо першыя экзэмпляры паказала знаёмым і сваякам – для іх гэта быў сапраўдны сюрпрыз.
Рада Мурашка летась завочна скончыла ВДУ імя П. Машэрава па спецыяльнасці “Бібліятэкар-бібліёграф”. Працавала ў цэнтральнай бібліятэцы і ў СШ № 2 г. Браслава, а таксама ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цяпер яна зарабляе грошы капірайтынгам. Стала больш вольнага часу на творчасць, хоць крыху сумуе і па бібліятэчнай справе. Ёй падабалася кантактаваць з чытачамі і працаваць з кнігамі. Рада Мурашка любіць, калі яе дзейнасць радуе людзей. Нездарма яе славянскае імя дзяўчыны рэдкае для нашага часу, у перакладзе азначае “вясёлая”.
Рада шмат чытае, любіць дэтэктывы, гістарычныя раманы, сюжэт якіх заснаваны на рэальных падзеях, а не з’яўляецца фантазіяй аўтара ў кантэксце эпохі. На маё пытанне, ці ёсць нешта аўтабіяграфічнае ў яе творы, адказвае – не. І прыводзіць меркаванне Э.Хемінгуэя: дрэнна пісаць пра тое, што насамрэч з вамі адбывалася, трэба пісаць тое, што вы прыдумалі і стварылі самі, тады атрымаецца праўдзіва. Таму Рада Мурашка любіць ствараць цалкам новую рэальнасць.
На прыдумванне вобраза галоўнай гераіні твора, адзінокай, маладой дзяўчыны, якая ўпарта пераконвае сябе, што любіць забяспечанае, але такое пустое жыццё, натхніла песня “Прабач” сучаснай групы “Вельвет”. Потым нарадзіўся астатні сюжэт.
Рада Мурашкіна збіраецца працягваць пісаць у жанры дэтэктыўнага рамана. Пра поспех і славу пакуль не думае. Канешне, як творчы чалавек, хоча, каб яе чыталі і чакалі новыя творы.
Акрамя літаратурных захапленняў, сярод якіх руская і замежная класіка, а таксама раманы В. Пікуля, К. Макалоў, Э. М. Рэмарка, Рада Мурашка пад настрой любіць гатаваць смачныя стравы, фатаграфаваць, плаваць і проста прагульвацца па лесе ці беразе возера.

Ірына Сакалоўская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.