Даклад старшыні райвыканкама “Аб сацыяльна эканамічным развіцці раёна ў 2013 годзе і прагнозных паказчыках на 2014 год”

Актуальное

itog-za-letoАрыентацыя — на рэнтабельную працу  і павышэнне дабрабыту

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2013 год і задачы на наступны спачатку абмеркавалі дэпутацкія камісіі, затым яны былі разгледжаны на сумесным пасяджэнні райвыканкама і прэзідыума райсавета. А на сесіі са справаздачай Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта “Аб сацыяльна эканамічным развіцці раёна ў 2013 годзе і прагнозных паказчыках на 2014 год” выступіў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Друкуем вытрымкі з яго даклада.

Фінансавыя вынікі

За студзень – кастрычнік 2013 года арганізацыі раёна зарабілі выручкі ад рэалізацыі  630,6 млрд. руб., што на 6,2% больш, чым у 2012 годзе. Ад рэалізацыі атрымана  10,6 млрд. руб. прыбытку,  забяспечана  станоўчая  рэнтабельнасць продажу 1,7%, у тым ліку ў прамысловасці – 4,6%, у сельскай гаспадарцы – 1,4%.

За студзень – кастрычнік 2013 года арганізацыі раёна атрымалі 18,9 млрд. руб. чыстага прыбытку.

Па стане на 1 лістапада 2013 года ў раёне чатыры стратныя  арганізацыі.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць з пачатку 2013 г.   вырасла на 62,1%, крэдыторская – у 2,2 разу.

Прамысловасць

Прамысловыя прадпрыемствы раёна за 11 месяцаў 2013 года выпусцілі прадукцыі на 104,8 млрд. руб., што склала 119,2% да ўзроўню 2012 года ў бягучых цэнах. Устаноўленае заданне па індэксе фізічнага аб’ёму забяспечылі “Браслаў-камунальнік” і хлебазавод.

Прадпрыемствы раёна вядуць актыўную работу па павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемых тавараў, вытворчасці новай інавацыйнай прадукцыі. За 11 месяцаў 2013 года інавацыйнай прадукцыі па раёне  рэалізавана на 14,1 млрд. руб., ці 14,6% ад агульнага аб’ёму. Хлебазавод рэалізаваў яе 40,2% ад агульнага аб’ёму, укараніў у вытворчасць 29 новых відаў хлебабулачных і 28 кандытарскіх вырабаў. Філіял “Браслаўрыба” Глыбоцкага МКК асвоіў выпуск 9 новых найменняў рыбных кансерваў, на спажывецкім рынку рэалізаваў 18,2% інавацыйнай прадукцыі ад агульнага аб’ёму.

Запасы гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці складаюць 129,6%.

Аграпрамысловы комплекс

За 11 месяцаў 2013 года выпушчана валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі коштам больш за 340 млрд. руб., дапушчана зніжэнне да ўзроўню 2012 года на 6,4%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства знізілася да ўзроўню 2012 года на 5,1% і склала 231,1 млрд. руб.

У дзесяці з дванаццаці сельскагаспадарчых арганізацый, акрамя СВК “Маяк Браслаўскі” і КУСП “Браслаўскі”,  дапушчана зніжэнне вытворчасці валавой прадукцыі.

Валавы збор зерня ў бункернай вазе склаў 32,8 тыс. тон ці на 14,3 тыс. тон менш,  чым у 2012 годзе,  пры ўраджайнасці 17,8 ц з га. Валавы збор насення рапсу склаў 3,4 тыс. тон пры ўраджайнасці 9,2 ц з га.

На зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана 57,6 тыс. тон кармавых адзінак травяністых кармоў, на ўмоўную галаву жывёлы 21,8 ц  к. адз.  Сенажу нарыхтавана 88 % да ўзроўню 2012 года, а сіласу на 29% больш. Забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву ўзрасла на 0,2 ц к. адз.

Лепшых паказчыкаў у кормавытворчасці дабіліся СВК “Маяк Браслаўскі”,  ПГ “Урбаны”, ААТ “Друйскі”.

У структуры вытворчасці сельгаспрадукцыі раёна 68% займае прадукцыя жывёлагадоўлі. За 11 месяцаў 2013 года яе вытворчасць склала 95,8% да ўзроўню 2012 года.

Пры зніжэнні вытворчасці малака ў цэлым на 5,9 тыс. тон  і сярэднім надоі малака на адну карову 2723 кг вытворчасць малака на адну карову ў СВК “Маяк Браслаўскі” склала 6088 кг, ПГ “Урбаны” – 4030, ААТ “Агравідзы” – 3613 кг, КУСП “Відзаўскі” – 3032.

У 2013 годзе вырашчана 360 тон бульбы, 76 тон агародніны, 102 тоны льновалакна, што склала адпаведна 58, 97 і 57% да ўзроўню 2012 года.

Сельгасарганізацыі раёна за 11 месяцаў 2013 года асвоілі інвестыцый у асноўны капітал на суму 76,9 млрд. руб., што склала 103,3% да ўзроўню 2012 года.

У справаздачным годзе ў сельскую гаспадарку раёна ўкладзена 48,3 млрд. руб. бюджэтных сродкаў, з іх больш за 25 млрд. – на набыццё мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы, 7,7 млрд. – на кампенсацыю кошту тэхнікі, набытай у лізінг, 8 млрд. – на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў.

У 2012 – 2013 гг. пачата мадэрнізацыя (з дабудовай даільна-малочных блокаў) 11 малочнатаварных ферм. У 2013 годзе на гэтыя мэты накіравана 3,9 млрд. руб., у тым ліку 1 млрд. руб. уласных сродкаў сельгасарганізацый, 2,9 млрд. руб. – сродкаў абласнога бюджэту.

У 2013 годзе ўведзены ў эксплуатацыю сучасны высокапрадукцыйны зернеачышчальна-сушыльны комплекс у ААТ “Друйскі” коштам 5,9 млрд. руб.

Будаўніцтва жылля

У справаздачным годзе ў эксплуатацыю ўведзена 13,3 тыс. кв. метраў жылля ці 63,3% да плана 21 тыс. кв. метраў. Здадзены ў эксплуатацыю 57-кватэрны ЖБСК №9. 23 дамы ўзведзены  індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Рэканструяваны 18 дамоў агульнай плошчай 10,3 тыс. кв. м.

Пачата будаўніцтва 58-кватэрнага дома ЖБСК №10 у Браславе, падрыхтавана пляцоўка для ўзвядзення 60-кватэрнага жылога дома долевага будаўніцтва.

Інвестыцыйная дзейнасць

На развіццё эканомікі раёна за 11 месяцаў 2013 года накіравана звыш 303,2 млрд. рублёў, з іх на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў – 93,3 млрд. руб.,   ці 30,8 % ад агульнага аб’ёму інвестыцый.

Завершана рэканструкцыя філіяла ААТ “Глыбоцкі МКК”, агульны аб’ём капітальных укладанняў па праекце склаў 225,5 млрд. руб., у тым ліку ў 2013 годзе – 75,9 млрд. Пачата рэканструкцыя філіяла “Браслаўрыба”, завершана будаўніцтва сетак водазабеспячэнняя па вул. Ленінскай, Слабодскай, Маладзёжнай, Ветэранаў, Каралёва, куплялася тэхніка для сельгасарганізацый.

Працягваецца работа па прыцягненні айчынных і замежных інвестараў.

У 2013 годзе заключаны дагаворы на рэканструкцыю з правядзеннем рэстаўрацыйных работ помніка архітэктуры “Былая графская сядзіба” ў аграгарадку Опса, а таксама на будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі на аўтадарозе “Муражы – Краснасельцы” фермерскай гаспадаркай “Віталіч-Луг”.

Знешнеэканамічная дзейнасць

Чакаецца ў справаздачным годзе выкананне двух з чатырох параметраў па знешнеэканамічнай дзейнасці: экспарце тавараў прадпрыемствамі камунальнай уласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці і сальда знешняга гандлю паслугамі без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў.

Тэмп росту экспарту прадпрыемстваў камунальнай уласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці склаў за 10 месяцаў 2013 года каля 690%. На экспарт пастаўляліся лесаматэрыялы, рыбныя кансервы, іншыя харчовыя і нехарчовыя тавары. У той жа час не ўдалося забяспечыць станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі. Адмоўнае ж сальда склала больш за 356 тыс. долараў.

Экспарт паслуг без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў за студзень – кастрычнік 2013 года склаў 309,4 тыс. долараў і павялічыўся ў параўнанні з 2012 годам на 8,6%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі прадпрыемствамі ўсіх форм уласнасці.

Значна нарасцілі экспарт паслуг у справаздачным годзе турысцка-аздараўленчае прадпрыемства “Браслаўскія азёры” і  турыстычны комплекс “Струста”.

Гандаль

Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі за 11 месяцаў 2013 года склаў 613,6 млрд. руб.,  ці 109,2% у супастаўных цэнах. Захавалася тэндэнцыя апераджальнага росту рэалізацыі нехарчовых тавараў у параўнанні з харчовымі.

З мэтай актывізацыі продажу тавараў праведзена 18 кірмашоў, ажыццяўляліся 256 выездаў для гандлю на тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі, праводзіліся дэгустацыі і іншыя рэкламныя мерапрыемствы, продаж тавараў у крэдыт. Райпа прыняло актыўны ўдзел у арганізацыі гандлю ў час правядзення “Славянскага базару”, “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім, у культурна-спартыўных раённых мерапрыемствах.

Праведзены рамонт 9 гандлёвых аб’ектаў, кафэ г.п. Відзы. Працягваецца работа па аснашчэнні прадпрыемстваў гандлёва-тэхналагічным абсталяваннем. Для павелічэння безнаяўнага тавараабароту ўстанаўліваюцца банкаўскія тэрміналы.

Энергазберажэнне

Мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў  “мінус”  4,2%, доля мясцовых відаў паліва – 73,8%.

Прадпрыемствы і арганізацыі раёна за студзень – кастрычнік 2013 года спажылі 90,1% паліўна-энергетычных рэсурсаў да аналагічнага перыяду 2012 года.

Мерапрыемствамі праграмы па энергазберажэнні былі ахоплены ўсе асноўныя накірункі. Найбольш буйнымі з’яўляюцца замена сетак цеплазабеспячэння на ПІ-трубы – 2,5 км, тэрмавацыя агароджвальных канструкцый жылых памяшканняў, у СВК “Маяк Браслаўскі” ўстаноўлена высокаэфектыўнае абсталяванне па прыгатаванні і раздачы кармоў.

Баланс працоўных рэсурсаў і заработная плата

Для рынку працы характэрна змяншэнне колькасці зарэгістраваных беспрацоўных, іх усяго 373 чалавекі, ці на 9% менш,  чым было ў аналагічным перыядзе 2012 года. На ўліку стаяць 39 беспрацоўных. Маецца 108 вакантных месц.

Узровень  рэгіструемага беспрацоўя на 1.12.2013 года склаў 0,4%.

Садзейнічанне ў працаўладкаванні на пастаяннае месца працы аказана 509 грамадзянам, у тым ліку 276 беспрацоўным. Часовая занятасць забяспечана 131 чалавеку, у тым ліку 103 беспрацоўным. У свабодны ад вучобы час працаўладкаваны 146 чалавек. На прафесіянальную падрыхтоўку і перападрыхтоўку накіраваны 15 беспрацоўных.

Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для арганізацыі прадпрымальніцкай справы выдзелена субсідыя 5 беспрацоўным.

Удалося захаваць станоўчую дынаміку росту намінальнай налічанай заработнай платы. За 10 месяцаў 2013 года яна склала 3278, 2 тыс. руб., у прамысловасці – 4122 тыс. руб., сельскай гаспадарцы – 2573,9 тыс. руб., будаўніцтве – 3347,7 тыс. руб., гандлі – 3109,2 тыс. руб., ахове здароўя і сферы сацыяльных паслуг – 3075,6 тыс. руб., адукацыі – 3071,7 тыс. руб. Усяго ж у раёне даведзенае заданне па росце заработнай платы выканана на 78,5%.

Сацыяльная сфера

Пры павелічэнні нараджальнасці на 6,8% смяротнасць вырасла на 17,8%. Малалетняя смяротнасць у раёне не рэгістравалася з 2010 года.

Якасна і паслядоўна праводзіцца перааснашчэнне медыцынскіх устаноў сучасным абсталяваннем. Праведзены капітальны рамонт Урбанскага ФАПа, устаноўлены энергазберагальныя ліхтары ў ЦРБ, вядзецца бягучы рамонт паліклінікі, рэнтгенаўскага кабінета.

Працягваецца  аптымізацыя сістэмы адукацыі. Нягледзячы на гэта,  функцыянуюць 46% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з кантынгентам да 50 чалавек.

У 2013 годзе 50% выпускнікоў паступілі ў ВНУ.

Асаблівае месца ў арганізацыі выхаваўчай работы адводзіцца спартыўна-масавым і фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемствам. У аб’яднаннях спартыўнага накірунку заняты  35% школьнікаў, на факультатывах – 18%. 98,1% ад агульнай колькасці вучняў ахоплены гарачым харчаваннем.

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы накіравана 2,3 млрд. руб.

Фізкультура і спорт

Праведзена 56 спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Каманды раёна прынялі ўдзел і сталі прызёрамі на абласной занальнай спартакіядзе для сельскіх жыхароў па лыжных гонках,  летніх відах спорту, шахматах, футболе.

Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база дзіцячай юнацка-спартыўнай школы.

Актыўна развіваецца аграэкатурызм. Магчымасці для адпачынку турыстаў прапануюць  больш за  185 аграэкасядзіб, з якіх 12 зарэгістраваны ў 2013 годзе.

Культура

Для жыхароў Браслаўшчыны ўстановы культуры правялі больш за 2800 мерапрыемстваў. Самыя цікавыя з іх “Міс, Містэр і Місіс Браслава”, “Маладыя галасы”, “Мама, тата, я – музычная сям’я”, конкурс песні пад гітару “Я спяваю”, “Віва-Браслаў” і іншыя.

Упершыню ў рамках “Браслаўскіх зарніц” арганізаваны “Парад дзіцячых калясак” і раённы агляд падвор’яў “Браслаўскі фальварак”.

Працягваюць развівацца культурныя сувязі з краінамі замежжа.

Установы культуры, самадзейныя калектывы станавіліся прызёрамі абласных конкурсаў, узнагароджваліся граматамі і дыпломамі.

Барацьба са злачыннасцю

На тэрыторыі раёна ў справаздачным годзе зарэгістраваны 153 злачынствы, што на 4 выпадкі менш, чым у аналагічным перыядзе 2012 года.  Асноўным відам учыненых злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы – 72,8% ад агульнай колькасці па лініі крымінальнага вышуку. Раскрыта 52% такіх злачынстваў.

Выяўлена 5 злачынстваў па лініі нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў і столькі ж па лініі эканамічнай злачыннасці.

Звароты грамадзян

У райвыканкам паступілі 272 звароты грамадзян, з якіх 118 пісьмовых і 154 – вусных. Іх агульная колькасць зменшылася на 3, аднак на 14 павялічылася колькасць пісьмовых. Паступілі 24 калектыўныя звароты.

Аналіз паказвае, што ўзрасла колькасць зваротаў па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і камунікацый, гандлю і паслуг. Нязначнае зніжэнне назіраецца па пытаннях аховы здароўя і будаўніцтва. Страцілі актуальнасць у грамадзян праблемы землеўпарадкавання, працы і занятасці насельніцтва, жыллёвага заканадаўства.

Жыллёва-камунальная гаспадарка

Працягваліся работы па добраўпарадкаванні г. Браслава. Адрамантавана частка вул. Дзяржынскага, Ленінскай, завершана будаўніцтва аўтамабільнай стаянкі каля гарадскога пляжа воз. Дрывяты і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі, устаноўлены дзіцячы гульнявы комплекс у раёне шматпавярховых дамоў, прыведзены ў належны стан памятны знак  воінам-інтэрнацыяналістам і інш.

Наводзіўся парадак і ў населеных пунктах раёна. Усе сельскія Саветы дэпутатаў шмат увагі ўдзялілі навядзенню парадку на брацкіх магілах і ля помнікаў загінуўшым воінам.

***

Асноўнымі задачамі развіцця раёна па-ранейшаму застаюцца забеспячэнне фінансавай стабільнасці суб’ектаў гаспадарання, павышэнне эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці, прыбытак, рэнтабельнасць продажу, зніжэнне ўзроўню матэрыяла-  і імпартаёмістасці, павышэнне прадукцыйнасці працы.

Для гэтага неабходна мэтанакіраваная праца кожнага па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, тэхпераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, нарошчванні выпуску інавацыйнай, экспартаарыентаванай прадукцыі.

Забяспечым рэнтабельную і бясстратную работу суб’ектаў гаспадарання – захаваем і палепшым  узровень жыцця насельніцтва.

У 2014 годзе стаіць задача забяспечыць узровень рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці 12%, у сельскай гаспадарцы – 6%, тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі 110,5% да ўзроўню 2013 года.

У сельскай гаспадарцы для выканання паказчыка па тэмпе росту валавой прадукцыі 106% неабходна атрымаць не менш за 51,9 тыс. тон зерня ў бункернай вазе, 4,8 тыс. тон рапсу, нарыхтаваць травяністых кармоў не менш за 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У жывёлагадоўлі атрымаць 37,3 тыс. тон малака, 5,2 тыс. тон мяса БРЖ і 4,1 тыс. тон свіней.

Для паляпшэння жыллёвых умоў насельніцтва раёна трэба ўвесці ў эксплуатацыю 20 тыс. кв. метраў жылля за кошт усіх крыніц фінансавання.

Ад паспяховай работы кожнага будзе залежаць і дабрабыт раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *