Без права на памылку

Власть и общество

IMG_9169 (Medium)Бюджэтныя ўстановы і арганізацыі раёна былі пераведзены на казначэйскае выкананне ў пачатку 1999 года. Усяго ж у казначэйскай сістэме нашай краіны ў 2013 годзе споўнілася 20 гадоў. За гэты час яна прайшла шлях стварэння, станаўлення і паступальнага развіцця. Сёння гэта ключавое звяно ў сістэме кіравання дзяржаўнымі фінансамі, інструмент, без якога немагчыма ўявіць якаснае правядзенне дзяржаўнай бюджэтнай палітыкі.
Галоўны эканаміст сектара па Браслаўскім раёне ўпраўлення дзяржаўнага казначэйства Міністэрства фінансаў РБ па Віцебскай вобласці Аляксандр Запруднік прыйшоў у гэту сістэму напрыканцы 2005 года. У свой час ён закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Маладым спецыялістам напачатку прыйшоў у райсельгастэхніку, затым была работа ў райпа, райвыканкаме. Але найбольш прафесіянальна змог раскрыць свае схільнасці ў казначэйстве.
Асноўная задача, якая ўскладзена на казначэйства, берагчы, захоўваць і эканоміць бюджэтныя грошы, садзейнічаць умацаванню бюджэтнай дысцыпліны, павышаць якасць абслугоўвання ўсіх кліентаў. У сувязі з гэтым у Аляксандра шырокае кола службовых абавязкаў. Ён павінен сачыць за мэтавым выкарыстаннем рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у адпаведнасці з зацверджанымі асігнаваннямі, прымаць ад атрымальнікаў бюджэтных сродкаў разліковыя дакументы на аплату іх абавязацельстваў і праводзіць папярэднюю праверку абгрунтаванасці запрошаных сродкаў па дакументах, а таксама кантраляваць выкананне атрымальнікамі патрабаванняў заканадаўства ў частцы прымянення санкцый за парушэнне дагаворных абавязацельстваў. І тут даводзіцца быць не толькі добрым эканамістам, а і юрыстам, будаўніком і г.д., бо фінансуюцца практычна ўсе сферы. Спецыяліст не мае права на памылку, бо за ёй, нават нязначнай, бюджэтныя сродкі могуць “пайсці” не ў тым накірунку.
Работа ў Аляксандра скрупулёзная і адказная. Да таго ж пастаянна трэба ўдасканальваць свой прафесіянальны ўзровень, вывучаць дасканала заканадаўчую базу.
— Напачатку, — прызнаецца, — не ўсе нашы кліенты ўспрымалі патрабаванні казначэйства аднолькава, не ўсе былі задаволены. Аднак пасля праверак, рэвізій органамі наступнага кантролю, адносіны сталі мяняцца. Зменшылася колькасць парушэнняў. Прыйшло разуменне, што наяўнасць усіх неабходных дакументаў – вялікае падспор’е ў далейшай рабоце.
Штодзень у сярэднім праз сектар праходзіла каля 1,7 млрд. руб. Сума рэальнай эканоміі ў выніку папярэдняга кантролю за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў склала па казначэйстве за 2013 год больш за 600 млн. рублёў. Каля 70 млн. руб. спагнана пені і працэнтаў за карыстанне бюджэтнымі сродкамі пры парушэнні дагаворных абавязацельстваў.
Нядаўна за лепшыя паказчыкі ў кантрольна-эканамічнай рабоце па выніках мінулага года Аляксандр Запруднік быў названы адным з лепшых у вобласці.
— І ён гэтага заслугоўвае, — гаворыць яго начальнік Алена Якімчык. – Спецыяліст граматны, патрабавальны як да кліентаў, так і да сябе. Спуску не дае нікому. І гэта вельмі важна ў нашай рабоце.
Магчыма, нехта сёння лічыць казначэяў бюракратамі, залішне “лічбаедамі”, але варта ведаць, што яны стаяць на варце інтарэсаў дзяржаўнай казны.
Дапамагае Аляксандру быць паспяховым у прафесіі яго сям’я. Ён, як сапраўдны мужчына, паспеў пабудаваць кватэру, нарадзіць сына і пасадзіў не адно дрэва. Таму вывад напрошваецца сам па сабе – дбайны гаспадар для сям’і і дома, ён не падвядзе і на працы.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *