Экалагічныя праблемы рэгіёну – адны з прыярытэтных

Новости

Як ужо раней паведамляла газета, у 2013 годзе Рэгіянальны экалагічны цэнтр па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе аб’явіў аб прыёме заявак ад мясцовых органаў улады Беларусі на ўдзел у грантавай праграме па мясцовым экалагічным планаванні. Адным з дзесяці раёнаў нашай краіны для ўдзелу ў праграме “Падтрымка ўстойлівасці і планавання экалагічных дзеянняў у населеных пунктах Беларусі і Малдовы” быў выбраны і Браслаўскі раён.
20 верасня 2013 года ў горадзе Бялградзе (Сербія) было падпісана пагадненне паміж Рэгіянальным экалагічным цэнтрам па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і нашым раёнам аб супрацоўніцтве па распрацоўцы і рэалізацыі мясцовага экалагічнага плана дзеянняў.
У рамках гэтага праекта дэлегацыя прымае ўдзел у семінарах-практыкумах, якія арганізуюцца Рэгіянальным экалагічным цэнтрам. Такое чарговае мерапрыемства праходзіла ў сярэдзіне студзеня ў Чарнагорыі.
Менэджэр праекта прадставіў кароткія вынікі дзейнасці па распрацоўцы МЭПД у нашым раёне. Гэта і інфармаванне насельніцтва пра ўдзел у праграме, стварэнне каардынацыйнага савета і рабочай групы, прыцягненне зацікаўленых бакоў, высвятленне грамадскага меркавання на гэты конт, а таксама аналіз вынікаў анкетавання.
Наступнымі этапамі нашай работы стануць складанне рэйтынгу экалагічных праблем і вызначэнне прыярытэтаў далейшых дзеянняў у сферы экалогіі.
Асноўнымі праблемамі па выніках анкетавання ў галіне навакольнага асяроддзя жыхары нашага раёна назвалі якасць пітной вады, звалкі камунальных адыходаў, стан аб’ектаў для турызму і адпачынку, якасць вады ў каналах, рэках, азёрах.
У якасці прыярытэтных накірункаў развіцця раёна, зноў жа па меркаванні жыхароў, павінна стаць дзейнасць у сферы турызму і адпачынку, арганізацыі паляўніцтва і рыбалоўства, развіцці вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў, перапрацоўчай прамысловасці.
Праведзеныя мерапрыемствы, а таксама планы па рэалізацыі чарговых этапаў распрацоўкі МЭПД у раёне былі высока ацэнены экспертамі РЭЦ, асабліва па прыцягненні зацікаўленых бакоў і асвятлення работы ў СМІ. Такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы актыўнай дзейнасці каардынацыйнага савета, рабочай групы, педагогаў школ раёна і асабліва гімназіі, членаў валанцёрскіх груп, нераўнадушных і ініцыятыўных грамадзян.
І ў далейшым мы будзем асвятляць усе пытанні, якія тычацца праграмы, на сайце і на старонках газеты.

Андрэй Давыдзенка,
намеснік старшыні райвыканкама.