Валанцёрству быць

Новости

IMG_9539 (Medium)У сераду дэлегацыя Браслаўскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Інай Лысенкай прыняла ўдзел у рабоце семінара, які праходзіў у Глыбокім пад эгідай Віцебскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, сферы аховы здароўя і органаў сацыяльнай абароны за круглым сталом абмеркавалі патэнцыял і перспектывы валанцёрскага руху ў Віцебскай вобласці.
Браслаўшчына і Глыбоччына трапілі ў лік шасці раёнаў рэспублікі, на базе якіх сёлета будзе рэалізавацца праект БАЧК з даволі доўгай назвай “Удасканаленне сістэмы валанцёрскай дапамогі уразлівым катэгорыям насельніцтва ў Літве, Латвіі і Беларусі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва”. Ён стартаваў у снежні мінулага года і накіраваны на вырашэнне агульных праблем і задавальненне патрэб у сферы паслуг па доглядзе дома і сацыяльнай дапамогі сталым людзям, інвалідам і т.п. Актуальнасць праекта абумоўлена пастаянным павелічэннем колькасці сталага насельніцтва, патрэбы якога ў доглядзе і простай увазе немагчыма забяспечыць намаганнямі толькі дзяржаўных органаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны. У той жа час міжнародны вопыт паказвае, што ў гэтай справе можна і патрэбна абапірацца на супрацоўніцтва з валанцёрамі.
Аднак рэальнасць такая, што моладзь, якую ў якасці бескарысных памочнікаў наша ўяўленне вымалёўвае ў першую чаргу, не надта жадае даглядаць за старымі ў яе іншыя інтарэсы. Таму варта паглядзець у бок саміх пенсіянераў. На Віцебшчыне ёсць станоўчы вопыт такога валанцёрства, калі найбольш актыўныя бабулі аб’ядноўваюцца і дапамагаюць сваім знямоглым суседкам і аднасяльчанкам. Як паказвае практыка, сталыя людзі – гэта не толькі праблемы. Вялізны жыццёвы вопыт, прафесіяналізм, чуласць да бліжняга і наяўнасць вольнага часу таксама характарызуюць нашых бабуль. Нельга спісваць і жаданне дапамагчы, хоць куды прыкласці свае намаганні, зноў адчуць сябе патрэбнымі. Да таго ж падчас такой дзейнасці старыкі задавальняюць сваю патрэбу ў простых чалавечых зносінах, якіх ім так не хапае, забываюць, што ў іх саміх недзе штосьці балела і калола. На гэта і плануецца зрабіць упор.
Як зазначыў каардынатар праекта па Віцебскай вобласці Дзмітрый Рачкоўскі, валанцёраў павінна характарызаваць не толькі гатоўнасць да бязвыплатнай работы. Догляд за старымі патрабуе і пэўных прафесіянальных навыкаў. Таму для ўдзельнікаў праекта будзе арганізавана навучанне. У нашым раёне, роўна як і ў Глыбоцкім, да гэтай дзейнасці неабходна прыцягнуць мінімум 20 чалавек, якія б мелі высокую ўнутраную матывацыю да валанцёрскай работы.
Праект пілотны і пакуль разлічаны на адзін год. Пры дасягненні станоўчых вынікаў ён, магчыма, будзе працягнуты. Фінансаванне ажыццяўляецца Еўрапейскім саюзам. Грошы будуць накіраваны на навучанне людзей, абмен вопытам, набыццё так званых “сумак валанцёра” з усімі неабходнымі прыналежнасцямі і іншае.
Іна Лысенка, у сваю чаргу, адзначыла, што ў Браслаўскім раёне жывуць каля чатырох тысяч адзінокіх старыкоў, а пенсіянераў увогуле пад восем. “Таму праект вельмі важны для нас. Я ўпэўнена, што на Браслаўшчыне ёсць для каго працаваць і ёсць каму,” – рэзюмавала яна.
Дарэчы, наступнае пасяджэнне ў рамках праекта запланавана на лета і прайсці яно павінна ў нашым раёне.

Вячаслаў Каладынскі.