Ушануем сваё мінулае

Главное

70Ні для каго не сакрэт, што і бягучы, і наступны гады для Беларусі адзначаны важнымі датамі. Сёлета мы адзначым 70-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2015-м – такі ж юбілей Вялікай Перамогі. На гэтым фоне работа па падрыхтоўцы да святочных падзей, захаванні ваенна-гістарычнай спадчыны і дапамозе ўдзельнікам вайны становіцца больш чым актуальнай.
З гэтай нагоды ў аўторак адбылося пасяджэнне раённай камісіі па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны. Пра стан спраў у дадзеным накірунку дакладала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Спірыдонава. Яна адзначыла, што галоўнымі аб’ектамі ўвагі, безумоўна, з’яўляюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Па стане на 1 студзеня бягучага года ў раёне пражываюць 24 удзельнікі і 11 інвалідаў ВАВ, 10 узнагароджаных за самаадданую працу ў тыле, 4 члена сямей загінуўшых. Сацыяльныя службы сумесна з прадстаўнікамі РАНС і мясцовых органаў улады рэгулярна наведваюць ветэранаў і аказваюць ім неабходную дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Сістэматычна з ветэранамі працуюць школьнікі, грамадскія фарміраванні, арганізацыі раёна. У ЦРБ для гэтай катэгорыі пацыентаў створаны 3 аднамесныя палаты павышанай камфортнасці. Штомесяц для іх фарміруюцца прадуктовыя наборы з 10% скідкай, якія рэалізуюцца праз магазін “Ветэран”.
Другім вельмі важным аспектам увекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны з’яўляецца падтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў. Такіх аб’ектаў на Браслаўшчыне нямала: 29 помнікаў воінскай славы і 49 пахаванняў, сямі з якіх наданы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Агульная ж колькасць пахаваных – амаль 10 тысяч чалавек, у тым ліку 4562 невядомых. За абеліскамі і брацкімі магіламі замацаваны сельвыканкамы, установы адукацыі і арганізацыі раёна. Штогод праводзяцца іх касметычныя рамонты і доўбраўпарадкаванне. Летась на гэтыя мэты затрачана больш за 40 млн. рублёў уласных сродкаў сельвыканкамаў і спонсараў. На рэканструкцыю мемарыялу ў вёсцы Зарачча з абласнога бюджэту выдаткавана 300 мільёнаў. Тым не менш многія помнікі і памятныя знакі яшчэ патрабуюць значных укладанняў. Таму ў раённым бюджэце на 2014 год запланаваны значныя сродкі на гэтыя мэты. Збор сродкаў вядзецца таксама Фондам міру.
Станоўчую ацэнку за работу па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў на пасяджэнні атрымалі Мяжанскі, Друеўскі, Опсаўскі, Слабодкаўскі сельвыканкамы, Богінскае лясніцтва і Браслаўская гімназія, якой, акрамя непасрэднага ўдзелу ў захаванні памяці, удалося прыцягнуць і значныя спонсарскія сродкі.
Нягледзячы на тое, што памятныя даты тычацца ў асноўным падзей другой сусветнай вайны, нельга забываць і пра іншыя ваенныя канфлікты і іх ахвяр. На Браслаўшчыне воінскія пахаванні часоў Першай сусветнай ёсць у Дрысвятах і самім райцэнтры. У вёсцы Мелеўцы (Ахрэмавецкі сельсавет) пахаваны воін-інтэрнацыяналіст Валерый Александровіч.
Актыўна вядзецца і работа па вышуку і ўстанаўленні лёсаў тых, хто загінуў і пахаваны пад грыфам “невядомы салдат”. Ужо праведзена зверка па 1784 фаміліях. Устаноўлены 32 імёны, якія раней не лічыліся пахаванымі. Складзена картатэка на 405 чалавек, прызваных ваенкаматамі раёна і загінуўшых падчас баявых дзеянняў. Найбольш актыўна ў гэтым накірунку працуюць Браслаўская СШ №1, Урбанская школа-сад, гімназія.
Такім чынам, у справе ўвекавечвання памяці тых, хто аддаў сваё жыццё, каб існавалі мы з вамі, на Браслаўшчыне ёсць пэўныя поспехі. Роўна як і нявырашаныя праблемы. Таму важна выкарыстаць кожную магчымасць, каб унесці свой уклад у агульную справу. Сваю спадчыну трэба шанаваць, і ўдвая – пакуль яшчэ жывых яе носьбітаў. Як казаў Уінстан Чэрчыль, народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні…

Вячаслаў Каладынскі.