Апантаны збіральнік даўніны

Главное

IMG_9265 (Small)Бадай, не кожны браслаўчанін ведае, што наш гісторыка-краязнаўчы музей налічвае ў сваіх фондах каля 24 тысяч экспанатаў. І вялікую колькасць з іх прыносяць неабыякавыя да гісторыі свайго краю жыхары раёна. Якраз аднаму з такіх апантаных аматараў краязнаўства, Пятру Агейчыку, на мінулых выхадных і прысвяцілі выставу супрацоўнікі музея.
Трэба сказаць, што Пётр Іванавіч з’яўляецца сябрам музейнага таварыства ўжо больш за 20 год, і за гэты час папоўніў яго скарбніцу на некалькі соцень разнастайных экспанатаў. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Васюкі Шаркаўшчынскага раёна, але лёс звязаў яго з Браслаўшчынай. Тут ён вучыўся спачатку ў Грытунскай, потым у Дрысвяцкай школах. А пасля атрымання сярэдняй адукацыі пайшоў вучыцца ў Барысаўскае вучылішча металаапрацоўкі і тэхналагічных працэсаў. Затым у яго біяграфіі былі Гарадоцкі сельска-гаспадарчы тэхнікум, Кобрынскае мастацкае вучылішча, інстытут кіно і тэлебачання ў Пецярбургу. Але справа нават не ў тым, колькі і якіх адукацый атрымаў П.Агейчык, і дзе ён пасля гэтага працаваў, а ў тым, што з самага дзяцінства Пётр захапляўся гісторыяй роднага краю. І ўжо тады яму ў рукі траплялі розныя цікавыя прадметы, а пасля адкрыцця краязнаўчага музея мужчына не раз выязджаў з яго навуковымі супрацоўнікамі ў экспедыцыі.
На выставе глядач можа пазнаёміцца з рэчамі розных эпох, пачынаючы са старажытных часоў, калі на Браслаўшчыне жылі латгалы (фібулы, пярсцёнкі, прасліцы, кераміка), і заканчваючы рэчамі пастсавецкага часу. Тут вы ўбачыце прадметы побыту пачатку XX ст. і больш ранняга часу – вагі, ключы, розныя бутэлькі, гадзіннікі, рарытэтны радыёпрыёмнік і калекцыю манет. Для кагосьці будуць цікавымі ваенныя знаходкі часоў I і II сусветных войнаў – працівагаз, штыкі і вялізная гільза, якая да таго, як трапіла ў фонды музея, выкарыстоўвалася як урна для смецця.
На адкрыцці выставы Пётр Іванавіч слушна заўважыў, што без мінулага няма і цяперашняга. І вельмі істотна захоўваць рэчы нашага часу, бо інакш, як мы зможам паказаць сваім унукам тое, як мы жылі, і якія прадметы былі вакол нас.
Усіх зацікаўленых у гісторыі роднага краю музей запрашае завітаць у выставачную залу, дзе да 15 сакавіка можна будзе паглядзець на невялікую частку калекцыі, сабранай П.Агейчыкам.

Галляш Сялява.
Фота аўтара.IMG_9255 (Small) IMG_9258 (Small)