Смерці глядзела ў твар

Главное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAАрганізацыя партызанскага руху на Браслаўшчыне цесна звязана з імем Кіма Анціпенкі і хутарам Букятова, дзе жыла сям’я Чарноцкіх. Менавіта іх хата, пакуль яе не спалілі немцы, была і штабам першага атрада народных змагароў, і перавалачным пунктам, адкуль у лес перапраўляліся людзі, харчаванне і медыкаменты, і своеасаблівым разведцэнтрам.
Менавіта да апошняга мае непасрэднае дачыненне і Рэгіна Лапкоўская (у дзявоцтве Чарноцкая). Партызанам неабходны былі дасканалыя звесткі пра ўсе падзеі ў Опсаўскім гарнізоне. На месцы іх збіралі сястра Карла Чарноцкага і мясцовы стараста. Але ўзнікла пытанне, якім чынам аператыўна перадаваць сабраныя звесткі. Часта хадзіць з хутара ў Опсу і назад дарослым было небяспечна. Гэта хутка выклікала б падазрэнне. І тады з благаславення бацькоў роль сувязной даручылі чатырнаццацігадовай Рэгіне. Так дзяўчынка, пэўна нават не зусім усведамляючы, як рызыкуе, стала сувязным звяном паміж партызанамі і іх інфарматарамі. Маці клала ў кошык хлеб, які, дарэчы, рэгулярна пякла для партызан, крыху іншых прадуктаў, і Рэня адпраўлялася ў госці да цёці. Часта, калі на шляху да Опсы не было праверак, з тым жа боханам хлеба, у якім умела хавалася інфармацыя, вярталася назад. А смерць хадзіла побач.
— Аднойчы, — успамінае Рэгіна Карлаўна, — выходзіла з Опсы. Мяне спынілі два немцы. Абшукалі, але не надта ўважліва, бо запіску, схаваную ў бохане, не знайшлі. Тым не менш адзін з салдат узяў за каўнер і звёў на абочыну дарогі. Перашмаргнуў затвор аўтамата. Зразумела: гэта канец. Слёзы градам пасыпаліся з вачэй. Мабыць, яны і выратавалі мне жыццё.Да таго ж умяшаўся другі салдат. Па жэстах я зразумела, што ён тлумачыў, маўляў, не варта губіць малое дзіця, якое нічога благога не зрабіла.
У другі раз яна разам з бацькам стаяла ля сцяны сваёй хаты пад дуламі вінтовак паліцаяў. Падзеі ж разгортваліся так.
Аднойчы група партызан вярталася з задання з-пад Вілейкі. Перачакаць дзень спыніліся ў пуні Чарноцкіх. Позна вечарам адправіліся да месца дыслакацыі атрада. Прыбраць жа месца днёўкі гаспадары вырашылі зранку. Ды не паспелі, бо на хутар нахлынуць паліцаі. Калі ўбачылі, што ў пуні хтосьці быў, Рэгіну з бацькам паставілі да сцяны пад прыцэлам стрэльбаў, а старшы паліцай павёў маці на допыт. Час, праведзены ля сцяны, і цяпер здаецца былой сувязной вечнасцю. Напружанне было настолькі моцным, што дзяўчынка страціла прытомнасць.
Рэгіна Карлаўна і сёння не ведае, як маці ўдалося пераканаць паліцаяў, што ў пуні яны часта хаваюцца самі, таму і прыхавалі ежу. Ёй паверылі, але не адпусцілі, дачку з маці павезлі на пункт збору насельніцтва для адпраўкі на работу ў Германію.
І там зноў пашанцавала. Невядома па якой прычыне, але ўрач-паляк пераканаў немцаў, што абедзве Чарноцкія для работы не прыгодныя. Іх адпусцілі.
Калі вярнуліся дамоў, хутар быў спалены. Уцалела толькі лазня. У ёй і жылі. Сувязі ж з партызанамі не гублялі.
Так атрымалася, што Рэгіна Лапкоўская (Чарноцкая) у свой час не атрымала пасведчання партызана Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у яе архіўная даведка, выдадзеная асабіста К. Анціпенкам, але ў ёй узгаданы толькі прозвішчы бацькоў. А паколькі не мае афіцыйнага пасведчання, то і не мае ні ўзнагарод, ні льгот. Апошнія ж гэтай сталай жанчыне вельмі патрэбны, бо жыве не ў лепшых умовах. Займацца ж доказамі свайго дачынення да партызанскага руху ёй ужо не па сіле.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.