Канікулы запомняцца

Главное

DSCN9012Да зімовай аздараўленчай кампаніі школьнікаў педагагічны калектыў СШ №2 рыхтуецца загадзя. Па завяршэнні першага паўгоддзя навучальнага года былі праведзены агульнашкольныя лінейкі, на якіх падвялі вынікі па вучэбнай, спартыўнай, працоўнай дзейнасці. Самыя актыўныя былі ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі і салодкімі прызамі. А за высокія паказчыкі ў вучобе, мастацкай самадзейнасці і ўдзеле ў грамадскім жыцці школы і раёна лепшыя вучні наведалі абласную і рэспубліканскую ёлку.
Перад канікуламі школьнікаў інструктавалі пра правілы бяспечных паводзін на вадаёмах, выкарыстанні піратэхнічных сродкаў. Таксама нядаўна аформілі новы куток “Выконваем законы дарог!”, абнавілі інфармацыю на стэндах пажарнай бяспекі і ТВВАД.
На зімовых канікулах пад кіраўніцтвам педагогаў вучні выраблялі навагоднія цацкі, выразалі з паперы сняжынкі і казачных герояў, малявалі навагоднія плакаты, калядныя паштоўкі, якія потым адправілі ў розныя краіны свету для абмену народнымі звычаямі і традыцыямі. Шмат упрыгожванняў і казачных элементаў было зроблена ў гэтым годзе для фае школы і актавай залы. А бацькі разам са сваімі малымі рыхтавалі маскарадныя касцюмы для навагодніх ранішнікаў, якіх сёлета было праведзена аж сем.
Не сумавалі 40 дзяцей 1-5 класаў і ў традыцыйным працуючым у школе аздараўленчым лагеры “Сонейка”, дзе праводзілася шмат творчых конкурсаў, тэматычных дзён, гульняў, штодня працаваў відэасалон.
А перад Новым годам для вучняў 4 класаў за бацькоўскую дапамогу была арганізавана экскурсійная паездка ў Віцебск, дзе малыя наведалі тэатр, гарадскую ёлку, Свята — Успенскі кафедральны сабор, мастацкі музей М. Шагала.
Было чым заняцца на канікулах і аматарам спорту. Штодня праводзіліся спартыўна-масавыя мерапрыемствы: першынствы і чэмпіянаты па міні-футболе, настольным тэнісе, баскетболе. Дзесяць лепшых спартсменаў прынялі ўдзел у гарадской спартландыі «Вясёлыя старты».
У час навагодніх свят школьнікі таксама традыцыйна ўдзельнічаюць у акцыях міласэрнасці “Калядны падарунак”, наведвалі яны і Друйскі дзіцячы дом, сацыяльны прытулак у Барунах. Старшакласнікі ж бралі ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі Полацкай епархіі, а таксама настаяцелямі праваслаўнай царквы. Такім чынам, зімовыя канікулы запомняцца дзецям вялізнай колькасцю цікавых, карысных і вясёлых імгненняў.

Інэса Лабэцкая,
педагог-арганізатар СШ №2.
Фота ё.