Знаўца мовы дырыжорскіх жэстаў

Актуальное

IMG_8900 (Small)Таленавіты скрыпач можа быць шчаслівым, калі віртуальна іграе на скрыпцы Страдывары. Піяніст атрымлівае вялікае задавальненне ад ігры на раялі ад Стэнвея. А вось дырыжору самому даводзіцца ствараць свой інструмент – аркестр.
Неаднойчы даводзілася назіраць, як музычны калектыў баяністаў дзіцячай школы мастацтваў выходзіць на сцэну.
Тут з’яўляецца дырыжор, стрымана пакланяецца зале. Палачка ў яго руцэ ўздымаецца такім жэстам, нібыта на яе канец маэстра “падчапіў” аркестр. І палілася чароўная інструментальная музыка.
Не злічыць, колькі такіх момантаў было ў жыцці педагога ДШМ Ірыны Бялусь (на здымку). Яна разам з мужам Альбертам прыехала ў Браслаў маладым спецыялістам пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча ў 1978 годзе. Свой лёс з музыкай звязала з дзяцінства. У яе цёці ў Пухавічах, адкуль і сама Ірына родам, быў баян. Менавіта ў клас па навучанні ігры на гэтым інструменце прывяла Ірыну мама. Дзяўчынцы падабаліся заняткі. Раз за разам яна іграла ўсё лепш і лепш. І хоць школьныя педагогі бачылі ў дзяўчыне будучага выкладчыка рускай мовы, яна самастойна зрабіла свой выбар і паступіла ў музвучылішча. Там адзін з педагогаў адзначыў адну асаблівую рысу сваёй вучаніцы – прыроджанае адчуванне музыкі, праўда, сказаў ёй пра гэта толькі на выпускным экзамене. Гэтыя словы надоўга запалі ў душу і, магчыма, сталі галоўным аргументам падчас выбару спецыялізацыі пры атрыманні вышэйшай адукацыі. Яна закончыла факультэт аркестровага дырыжыравання інстытута культуры.
Аркестр баяністаў у Браслаўскай музычнай школе існаваў даўно. У свае часы ім кіравалі Алег Рымдзёнак, Альберт Бялусь. Ірына ж прыняла калектыў у 1985 годзе.
Прызнаецца, што напачатку падпільнавала нямала няўдач. Каб падняцца на прыступку вышэй, трэба было неаднойчы спатыкнуцца. Але характар не дазваляў Ірыне здавацца. Яе жыццёвы прынцып – заўсёды даводзіць пачатае да канца.
Сёння аркестр – удзельнік многіх канцэртаў, конкурсаў. У яго скарбонцы нямала ўзнагарод розных узроўняў.
Сёлета спаўняецца пяць гадоў, як калектыў носіць званне “ўзорнага”. У той час сярод яго ўдзельнікаў былі такія адораныя дзеці, як Алеся Шыдлоўская, Наташа Станкевіч, Улад Міткевіч, Ілля Марозаў, Косця Пятушка.
Вядома, што склад аркестра пастаянна абнаўляецца. Але кожны раз, па прызнанні Ірыны Бялусь, ёсць вельмі таленавітыя дзеці, якія заўсёды застаюцца ў рытме, вельмі ўважлівыя.
І. Бялусь умее з лёгкасцю знаходзіць сцяжынку да сэрцаў дзяцей. Яна выдатна разумее, што кожны з іх – індывідуальнасць, але ў аркестры яны адчуваюць сваю неабходнасць, запатрабаванасць.
Педагог радуецца, калі дзеці паспяхова пераадольваюць сцэнічнае хваляванне. Яна імкнецца ўсім ім прывіць пачуццё густу, далучыць да мастацтва музыкі, дружна жыць у калектыве і заўсёды адчуваць падтрымку сябра.
Сёння аркестр, у якім грае 26 юных музыкантаў — зладжаная каманда. Да баяністаў далучыліся цымбалісты, бас-гітарыст, ударныя. У асноўным у рэпертуары эстрадныя мелодыі, ёсць класіка, народныя песні.
Зусім няважна, кажа Ірына Аляксандраўна, стануць дзеці ў будучым музыкантамі ці не. Галоўнае, што ў ДШМ яны духоўна абагачаюцца, па-іншаму думаюць і адчуваюць свет.
Са сваімі выхаванцамі-аркестрантамі Ірына Аляксандраўна ў час рэпетыцый і выступленняў размаўляе на мове дырыжорскіх жэстаў. І яны разумеюць адзін аднаго з аднаго ўзмаху палачкі. А гэта многага варта. У гэтым – поспех калектыву.
Нездарма кажуць, што няма дрэнных аркестраў, ёсць няўдачнікі дырыжоры. Ірына Бялусь – душа і сэрца калектыву, і дапамагае ёй такой быць прыроджанае дырыжорскае дараванне.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.IMG_8902 (Small) IMG_8905 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *