Яны працуюць, каб было светла і ўтульна

Актуальное

IMG_8884 (Small)Сваё прафесійнае свята энергетыкі адзначаюць у адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе — 22 снежня. Гэта свята тых, хто прысвяціў сваё жыццё цяжкай, але вельмі важнай справе — забяспечваць людзей цяплом і электраэнергіяй.
Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт «БЗ» Алена Пятушка сустрэлася з начальнікам раёна электрычных сетак Мікалаем Райскім.
— Браслаўскі раён электрасетак — арганізацыя, якая ўвесь час развіваецца і мадэрнізуецца, — уводзіць у курс справы М. Райскі. — Асноўнай нашай задачай з’яўляецца надзейнае забеспячэнне спажыўцоў электрычнай энергіяй.
Сёння энергакомплекс толькі аднаго нашага раёна складае 1013 км ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 1070 км нізкавольтных ліній, 645 электрападстанцый, 2 гідраэлектрастанцыі, аператыўнае кіраванне на 8 падстанцыях 110/35/10 кВ.
— Мікалай Іосіфавіч, якія работы ўдалося зрабіць за гэты год?
— Нават пры абмежаваных фінансавых магчымасцях, уласнымі сіламі капітальна адрамантавалі больш за 100 км ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 160 км ліній напружаннем 0,4 кВ. Акрамя таго, сіламі падраднай арганізацыі поўнасцю заменены электрасеткі ў н. п. Кезікі, Вусце, Пошта Абаб’е, што абышлося ў 1 млрд. рублёў. Да канца года будзе завершана замена электрасетак у в. Суднікі.
Узяўшы накірунак на рэканструкцыю сетак , мы змаглі ў апошнія гады прывесці ў парадак сваю электрагаспадарку. Абнаўленне абсталявання, укараненне камп’ютарнай тэхнікі, сістэм тэлекіравання і тэлесігналізацыі дазволілі павысіць эфектыўнасць асноўнага абсталявання і зменшыць колькасць адключэнняў электраэнергіі ў спажыўцоў.
— Сёння асаблівая ўвага надаецца энергазберажэнню, што робіце ў гэтым накірунку?
— Напрыклад, гідраэлектрастанцыя «Браслаўская» ў Друйску выпрацавала 600 тысяч кВт/гадзін энергіі ў агульную капілку энергасістэмы, што дало РЭС значны прыбытак. Ды і калектыў імкнецца ісці ў нагу з часам, прымяняць новыя матэрыялы і абсталяванне. У прыватнасці, шырока выкарыстоўваем ізаляваныя правады і мяняем састарэлыя энергаёмкія ліхтары на ліхтары з энергазберагальнымі лямпамі. За апошнія тры гады такіх устаноўлена больш за 300 штук агульным коштам 14 млн. рублёў. Эканамічны эфект такой замены вельмі істотны, бо спажываемая магутнасць новых лямп у 10 разоў меншая, чым у ртутных. А гэта значыць, што ў 10 разоў зменшылася сума аплаты за спажытую энергію ў тых сельсаветах, дзе праведзена такая работа. А яшчэ за грошы сельвыканкамаў ва ўсіх буйных неселеных пунктах для кіравання вулічным асвятленнем устаноўлены астранамічныя рэле часу, што таксама дало эканомію сродкаў.
— З якімі цяжкасцямі прыходзіцца сутыкацца супрацоўнікам энергасеткі ?
— У першую чаргу гэта недахоп грашовых сродкаў, бо асноўная доля адключэнняў ліній адбываецца па віне састарэлага абсталявання, якое з-за адсутнасці фінансаў мы не можам замяніць у патрэбны тэрмін. «Дапамагаюць» нам у адключэнні электраэнергіі і п’яныя вадзіцелі аўтатранспарту, якія будучы пад мухай не ў стане адрозніць апору паветранай лініі ад дарогі. Свой уклад ўносяць і тыя, хто крадзе правады з ліній электраперадач і разукамплектовае трансфарматарныя падстанцыі. Таму мы заўсёды павінны быць напагатове, каб адразу выехаць на ліквідацыю аварыі.
— Мікалай Іосіфавіч, раскажыце пра калектыў Браслаўскага РЭС.
— Сёння ў нас працуюць 82 чалавекі. Гэта людзі, намаганнямі якіх стан электрычных сетак Браслаўшчыны падтрымліваецца на належным узроўні. Гэта калектыў кампетэнтных спецыялістаў, які працуе ў любую пару года. І кожны заслугоўвае цёплых слоў за добрасумленную працу.
Вялікі ўклад у агульныя справы ўносяць нашы старэйшыя майстры А. Умпіровіч, К. Вількель, А. Краснякоў, А. Казакевіч. Спрытам і акуратнасцю ў рабоце вылучаюцца не толькі вопытныя электраманцёры Е. Кук’ян і В. Дудкевіч, а і маладыя В. Глод, Ю. Баравік і Г. Баравік, В. Мікуцкі.
Ва ўзорным парадку трымае вытворчую базу механік В. Кук’ян, якому ў гэтым дапамагаюць вадзіцелі і рамонтнікі.
— Мікалай Іосіфавіч, што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Хачу павіншаваць увесь калектыў, а таксама нашых ветэранаў і ўсіх энергетыкаў раёна з прафесійным святам. Пажадаць моцнага здароўя, шчасця і згоды ў кожным доме. Няхай усё дрэннае мінуе вас, не будзе аварый на рабоце і «аварый» у жыцці!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *