Выдатныя паказчыкі — вынік плённай работы

Актуальное

IMG_8728 (Small)За ўсе гады свайго існавання не было такога, каб ААТ «Торфабрыкетны завод Браслаўскі» не справіўся з даведзеным заданнем па выпуску брыкетаў і нарыхтоўцы тарфакрошкі для кампаставання. Вось і сёлета калектыў завода поўнасцю выканаў план і першым у рэспубліцы закончыў здабычу торфу па аб’яднанні «Белпалівагаз», за што яго дырэктар Павел Драбовіч адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі РБ. Пра вынікі работы і бліжэйшыя планы калектыву прадпрыемства ішла гутарка карэспандэнта райгазеты Алены Пятушкі з яго дырэктарам.
— Павел Іосіфавіч, з якімі паказчыкамі завяршылі сёлетні сезон і дзякуючы чаму змаглі датэрмінова выканаць даведзены план?
— Здабыча фрэзернага торфу за гэты сезон склала 78,2 тыс. т. За 11 месяцаў бягучага года вырабілі 32,5 тыс. т паліўных брыкетаў пры плане 29,1 тыс. т. Выкананне яго склала 111,7 %. Нарыхтавалі таксама 7,9 тыс. т фрэзернага торфу для пылападобнага спальвання ў цэнтральнай кацельні г. Браслава.
Пры плане паставак гэтага віду паліва ў колькасці 25 тыс. т філіялам «Віцебскабалпаліва» рэалізавалі 25,1 тыс. т, іншым арганізацыям — 5,5 тыс. т, насельніцтву — 1,5 тыс. т. Прадалі 133 т брыкету на экспарт на $ 10,2 тыс. пры плане $ 10 тыс.
Безумоўна, такіх вынікаў дасягнулі, дзякуючы самаадданай працы ўсяго калектыву. Людзі, занятыя на розных участках здабычы торфу, працавалі увесь светлавы дзень, без выхадных, выкарыстоўваючы кожную пагодную хвіліну. Бо працэс здабычы торфу напрамую залежыць ад нябеснай канцылярыі.
Прыемна, што ўсе гэта разумелі і не шкадавалі ні сіл, ні часу на карысць агульнай справы.
— Ведаю, што, акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, вы пачалі выпуск інавацыйнай прадукцыі.
— Так. Гэта аргана-мінеральныя ўгнаенні на аснове торфу, яны складаюцца з сумесі торфу, арганічных і мінеральных угнаенняў. Прадукцыя выкарыстоўваецца для паляпшэння структуры глебы. Распрацавана яна сумесна з Беларускім навукова-даследчым інстытутам.
Акрамя гэтага, у нас можна набыць торф для кампаставання, грунт пажыўны «Дачны», жалезабетонныя вырабы. Яшчэ мы аказваем транспартныя паслугі як прыватным асобам, так і арганізацыям.
— Хацелася б, каб вы адзначылі сваіх лепшых працаўнікоў.
— Асаблівым стараннем на здабычы торфу вызначыліся машыністы Віктар Гасюль, які заняў першае месца сярод торфаздабываючых арганізацый, і Сяргей Молакаў — на другім месцы. Абодва машыністы ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства энергетыкі РБ.
Сярод лепшых хачу назваць Вячаслава Каята і Валерыя Чарняўскага (на здымку). Яны адзначаны ўдзячнасцю ведамаснага міністэрства.
Увогуле, дзякую ўсяму калектыву, які імкнецца, каб наша прадпрыемства было сярод лепшых.
— Павел Іосіфавіч, якія планы на будучыню?
— Калектыў жыве ў чаканні рэканструкцыі вытворчай зоны, якая ўключае ў сябе пашырэнне механічнага цэха і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе нам нішто не перашкодзіць пачаць мадэрнізацыю прадпрыемства.
— Дзякую за размову. Далейшага вам поспеху і плёну ў працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *