Верны абранай прафесіі

Актуальное

IMG_8873 (Small)Няўмольна бяжыць час. Не паспееш азірнуцца, як ужо стаіш на пенсіённым рубяжы, і калегі віншуюць з чарговым юбілеем. Але колькі б ні было вам гадоў, трэба заставацца бадзёрым, актыўным і пазітыўна глядзець на свой новы статус.
Калі ўбачыла Івана Шакеля, вадзіцеля ПМК-42, не змагла паверыць, што на мінулым тыдні супрацоўнікі віншавалі яго з 60-годдзем. Маладжавы, рухавы і абаяльны мужчына з задавальненнем і ноткай настальгіі пачаў расказваць пра сваю працоўную дзейнасць і ўспамінаць лепшыя часы арганізацыі.
Больш за 40 гадоў таму назад Іван Сцяпанавіч уладкаваўся тады ў самую буйную будаўнічую арганізацыю раёна і сваю працоўную дзейнасць пачаў у сталярцы.
— Работы было многа, бо ў раёне будавалася шмат розных аб’ектаў, — успамінае І. Шакель. — Прыходзілася вырабляць вокны, дзверы, дошкі для падлогі і шмат іншых драўляных вырабаў.
А праз некалькі гадоў мужчына сеў за руль «УАЗа» і да сённяшняга часу надзейна трымае яго ў сваіх моцных руках. Разам з начальнікам па забеспячэнні ў былыя гады ён аб’ездзіў усю Беларусь і суседнія Прыбалтыйскія рэспублікі ў пошуках будаўнічых матэрыялаў.
Здаецца, звычайная і непрыкметная праца, але наколькі важна, як чалавек ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, як ладзіць з калегамі. Заўсёды вясёлы і шчыры, з пазітыўным поглядам на жыццё Іван Сцяпанавіч з’яўляецца не толькі прафесіяналам сваёй справы, а яшчэ і душой калектыву. Многа добрых слоў у адрас вадзіцеля пачула і ад адміністрацыі, і ад супрацоўнікаў арганізацыі.
Не здрадзіў І. Шакель свайму ПМК-42 і ў гады заняпаду.
— Ды і думкі не было, каб шукаць дзе лёгкага хлеба, або гнацца за «доўгім рублём», — выказвае свае жыццёвыя пазіцыі мужчына.
Такія вось сціплыя і ў той час адказныя работнікі і з’яўляюцца касцяком любога працоўнага калектыву.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *