У выбары не расчаравалася

Актуальное

1 (Small)У гэтым годзе на Браслаўшчыну пасля заканчэння медыцынскіх навучальных устаноў прыехалі працаваць тры ўрачы і трынаццаць медсясцёр.
Марыя Грышкова нарадзілася і жыла ў Рагачове. Марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай, таму і паступіла ў Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж, а пасля размеркавання трапіла практыкаваць да нас у раён. Зараз Марыя назірае за здароўем дзяцей у садку №3. Праца ёй падабаецца, калектыў добразычлівы, і кіраўніцтва справядлівае.
Працуе дзяўчына разам з медсястрой Людмілай Пабяржынай, якая мае вялікі стаж работы.
– Людміла Генадзьеўна дапаможа, падкажа, падтрымае, а зараз для мяне гэта важна, — кажа Марыя. — Бо тэорыя, як высветлілася, гэта адно, а практыка зусім іншае. Тым больш, што працаваць мне давялося з маленькімі дзеткамі, а з імі, пагадзіцеся, складаней знайсці кампраміс, каб, напрыклад, зрабіць прышчэпку. Ды што казаць пра ўколы, бывае і такое, што дзіця трэба доўга ўгаворваць нават узважыцца, бо малыя не заўсёды давяраюць людзям у белых халатах.
Пра Браслаўшчыну Марыя Грышкова таксама адгукаецца станоўча: – Летам прыехала сюды ўпершыню і была зачаравана прыгажосцю прыроды і прыемна здзіўлена колькасцю азёр. Ды і людзі трапляліся толькі шчырая.
Ёсць у маладога спецыяліста і праблемы: кватэру трэба здымаць, а гэта вельмі дорага, ды і бацькоў наведваць хацелася б часцей, але да Рагачова 500 кіламетраў толькі ў адзін бок, а гэта і час на дарогу, і грошы не малыя. Таму Марыя яшчэ не ведае, ці застанецца на Браслаўшчыне пасля адпрацаваных двух гадоў, але што ў выбары прафесіі не расчаравалася – гэта дакладна, бо збіраецца паступаць у ВНУ, каб набыць больш ведаў і стаць добрым урачом.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *