Творчы тандэм Сапрончыкаў

Актуальное

IMG_8796 (Medium)Алег і Вераніка Сапрончыкі прыехалі працаваць у Браслаўскую дзіцячую школу мастацтваў маладымі спецыялістамі, ён – пасля заканчэння Віцебскага, а яна — Наваполацкага музычных каледжаў. Адразу ж унеслі ў калектыў новую сучасную хвалю творчасці. Вераніка выкладала напачатку дзецям музычныя тэарэтычныя дысцыпліны – сальфеджыа, музычную літаратуру. Пазней, калі ў школе з’явілася харавое аддзяленне, пачала вучыць выхаванцаў спевам. Сёння, мабыць, многія з бацькоў думаюць, што дзеці, якія займаюцца ў Веранікі, будуць спяваць толькі ў хоры. Гэта памылкова, бо педагог стаўку робіць на жывыя, яркія эстрадныя песні, і тыя, у каго ёсць здольнасці да вакалу, спяваюць у групе ці сола.
Сёлета адбудзецца першы выпуск харавога аддзялення. А гэта дзесяць чалавек рознага ўзросту, якія на працягу сямі гадоў пазнавалі сакрэты творчасці спеваў. Ёсць сярод іх і выпускніца Лізавета Якубовіч, якая марыць паступіць на харавое дырыжыраванне ў Наваполацкае музычнае вучылішча. А адна з вучаніц Веранікі Леанідаўны Паліна Пяткевіч ужо вучыцца ў гэтай навучальнай установе.
Алег займаецца танцамі з дзеткамі розных узростаў. Разам з педагогам адораныя хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць асновы класічнага, народна-сцэнічнага, гістарычна-бытавога танца, атрымліваюць не толькі агульныя веды пра розныя накірункі ў гэтым відзе мастацтва, але і самі вывучаюць танцавальныя рухі.
Выхаванцы Сапрончыкаў прымаюць актыўны ўдзел у розных канцэртах, конкурсах. Іх можна бачыць на сцэне ў час выступлення да Дня абаронцаў Айчыны, калі вялікі канцэрт рыхтуе ўвесь калектыў ДШМ, да Дня абароны дзяцей. Хор, якім кіруе Вераніка, у гэтым годзе заняў прызавое месца ў абласным аглядзе-конкурсе харавых дзіцячых калектываў.
Цяпер на дваіх у Веранікі і Алега Сапрончыкаў больш за сотню выхаванцаў, кожнаму яны стараюцца прывіць цікавасць да творчасці, мастацтва, дапамагчы раскрыць спаўна свае здольнасці, радаваць поспехамі бацькоў, а некаму, магчыма, дапамогуць вызначыцца і з будучай прафесіяй.
Яны ўмеюць у кожным дзіцяці знайсці тыя стрункі, якія ва ўмелых руках педагогаў заіграюць зладжана. І калі нават не многія стануць у будучым танцорамі, спевакамі, але адчувальнымі да прыгожага будуць абавязкова.
— Неяк, — гаворыць Вераніка, — арганізавалі для дзяцей экскурсію ў Мінск. Але не ў “Макдональдс” у першую чаргу, а наведалі тэатр оперы і балета. Трэба было бачыць, як свяціліся іх вочы, у якім захапленні дзеці засталіся ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. Лічу, што такіх паездак па меры магчымасці трэба рабіць больш.
Маладую сямейную пару аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы. Яны падтрымліваюць адзін аднаго, даюць парады. Вераніка часта дапамагае Алегу рыхтаваць да выступлення юных танцораў, набываць сцэнічны вобраз.
Яны творчыя людзі. Вераніка ўдзельнічала ў шоу “Дзве зоркі”, а ў шоу “Зорныя танцы” Алег разам з В. Селезень таксама выступаў на сцэне.
Сёлетні год прынёс Сапрончыкам нарэшце сапраўдны падарунак: хутка яны стануць навасёламі. Пабудавалі ўласную кватэру з дапамогай ільготнага крэдыту. Цяпер стараюцца зрабіць яе ўтульнай і камфортнай. Калі я пацікавілася, дзе збіраюцца сустракаць Новы год, яны толькі ўсміхнуліся. “ Не да адпачынку сёлета. Хутчэй хочацца справіць наваселле”.
А летась маладая сям’я святкавала Новы год з сябрамі ў Варшаве.
— Каля 12 гадзін там усе выходзяць на вуліцу з салютамі, феерверкамі, віншуюць адзін аднаго, жадаюць усяго найлепшага, — расказвае Вераніка. – Разам з вялікай колькасцю людзей ты акунаешся ў чароўную казку. А затым на галоўнай плошчы горада быў канцэрт. Нам вельмі спадабаўся такі варыянт святкавання.
Што ж, у іх яшчэ не адзін новы год наперадзе, які прынясе шмат уражанняў і сюрпрызаў, плёну ў іх творчай працы.

Зінаіда Палулех.
На здымку: Вераніка і Алег Сапрончыкі разам са сваімі выхаванцамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *