Свята ўдалося

Актуальное

IMG_7632 (Small)Напрыканцы мінулага тыдня Дзядуля Мароз і Снягурка, а разам з імі і святочны настрой завіталі ў Друйскі дзіцячы дом. Такому візіту шчыра радаваліся не толькі выхаванцы ўстановы, але і ўвесь яе персанал. І дарослыя, і малыя сабраліся ў фае, каб, як кажуць, і сябе паказаць, і на іншых паглядзець.
Адкрыў урачыстае мерапрыемства дырэктар дзіцячага дома Віталь Піваровіч. Перш за ўсё ён павіншаваў з Калядамі і надыходзячым Новым годам дзетак, пажадаў ім прыемных свят, добрага настрою і надзеі на самае лепшае. Па ўжо добрай традыцыі на свята завіталі і шматлікія госці з шэфскіх арганізацый. Ды і не з пустымі рукамі: акрамя цёплых слоў у адрас дзяцей і іх выхавацеляў, яны прыпадняслі ўстанове шэраг каштоўных падарункаў.
Прадстаўнікі Браслаўскага і Наваполацкага філіялаў Беларусбанка віншавалі прысутных першымі. Што знаходзілася ў падараных імі каробках, засталося сакрэтам, аднак Віталь Піваровіч запэўніў, што дзякуючы банкірам, дзеці змогуць глядзець тэлебачанне на якасна новым узроўні.
Прадстаўнікі УП “Віцебскаблгаз” у сваю чаргу ўручылі дырэктару дзіцячага дома фотаапарат і прынтар.
Ад імя Браслаўскага райвыканкама дзяцей віншавала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч. З яе рук установа атрымала новую пральную машыну. А. Абалевіч жартаўліва пажадала выхаванцам, каб чыстай была не толькі іх вопратка, але таксама думкі і ўчынкі.
Прадстаўнічай на мерапрыемстве была і дэлегацыя людзей у пагонах. Начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка падарыў дзіцячаму дому веласіпед і не без задавальнення адзначыў, што міліцыянеры вельмі рады бываць ва ўстанове па справах, не звязаных з іх прафесійнай дзейнасцю. Павіншаваў прысутных і начальнік раённага аддзялення дэпартамента аховы Мікалай Сільчонак.
Ад імя калектыву дзіцячага дома і яго выхаванцаў Віталь Піваровіч шчыра падзякаваў гасцям за візіт і падарункі, выказаў надзею на далейшае шчыльнае супрацоўніцтва.
Працягнулася свята ў выглядзе навагодняй гісторыі з удзелам традыцыйных для такіх выпадкаў герояў. Дзеці і дарослыя весяліліся, вадзілі вакол ёлкі карагоды, спявалі, танцавалі, расказвалі вершы і атрымлівалі салодкія падарункі. Вясёлы гоман і дзіцячыя ўсмешкі сталі лепшымі ўпрыгожаннямі свята.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *