Рух аўтобусаў прывязаны да пасажырапатоку

Спрашивайте-отвечаем

3(71)У апошні час даводзіцца чуць нямала нараканняў наконт грамадскага транспарту, дакладней на тое, што скарачаюцца прыгарадныя рэйсы аўтобусаў. Людзям цяжка ўсвядоміць, што рух грамадскага транспарту напрамую залежыць ад пасажырапатоку. Між тым нярэдка бачыш, як аўтобус вядзе ўсяго аднаго-двух пасажыраў. На жаль, насельніцтва ў нашым раёне па-ранейшаму скарачаецца. Калі 10 год таму назад браслаўчан было амаль 34 тысячы, то зараз толькі 27,5 тысячы. У гэтым ліку больш чым на 4 тысячы зменшылася і сельскае насельніцтва. За гэтымі лічбамі статыстыкі магчыма ўявіць, наколькі мог скараціцца і пасажырапаток.
Вось і падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва, які праходзіў у апошняй дэкадзе лістапада, браслаўчане звярталі ўвагу інфармацыйных груп райвыканкама на гэтыя пытанні. У прыватнасці, прасілі адмяніць заезд аўтобуса ў в. Купчэлі, які рухаецца па маршруце «Браслаў-Навінка», скардзіліся на тое, што з-за адсутнасці руху грамадскага транспарту па суботах праз агр. Опса дзеці не могуць дабрацца да школы, папракалі таксама за пастаянныя спазненні гарадскога транспарту.
Выказаныя заўвагі жыхароў раёна былі адрасаваны кіраўніцтву аўтатранспартнага прадпрыемства. На іх даў тлумачэнні яго дырэктар Мікалай Курэц.
Скарачэнне рэйсаў некаторых прыгарадных маршрутаў па суботах выклікана неабходнасцю. У сувязі са стратнасцю прыгаданых перавозак праведзена аптымізацыя маршрутнай сеткі і скарочаны найбольш стратныя рэйсы, але пры гэтым усё роўна ўлічваецца неабходнасць транспартнага абслугоўвання.
Рашэнне пра скарачэнне прыгарадных маршрутаў прынята таксама на падставе даручэння намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб зніжэнні стратнасці рэгулярных перавозак пасажыраў і скарачэнні маршрутай сеткі да 50%. Акрамя таго, зараз транспартнае абслугоўванне населеных пунктаў Браслаўскага раёна перавышае патрабаванні выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў аж на 550%.
А скарачэнне рэйсаў па суботах узгоднена з аддзелам адукацыі, спорту і турызму.
Цяпер па суботах праз агр. Опса курсіруюць наступныя рэйсы:
— «Браслаў–Дубраўка» (па цотных днях), час адпраўлення з АС «Браслаў» –5.40; 15.00;
— «Браслаў–Пента» (па няцотных днях), час адпраўлення з АС «Браслаў»–5.40; 15.00;
— «Браслаў –Мінск», час адпраўлення з АС «Браслаў»–8.00;
— «Браслаў–Навінка», час адпраўлення з АС «Браслаў»–11.00.
У адваротным накірунку:
— «Навінка–Браслаў», адпраўленне ад АС агр. Опса–6.50;
— «Дубраўка–Браслаў» (па цотных днях), час адпраўлення з агр. Опса 9.17; 18.33;
— «Пента–Браслаў» (па няцотных днях), час адпраўлення з агр. Опса 9.17; 18.33;
— «Мінск–Браслаў», час адпраўлення з агр. Опса–20.00.
Адмяніць заезд праз н.п. Купчэлі аўтобуса, які следуе па маршруце «Браслаў–Навінка» немагчыма, бо здзяйсняецца падвоз пасажыраў па месцы іх жыхарства ў Даўблях, Кумпінях, Купчэлях, працуючых у Браславе.
Што ж тычыцца захавання графіка руху гарадскога транспарту, то з вадзіцельскім складам праведзены дадатковы інструктаж. Яны папярэджаны пра недапушчэнне падобных выпадкаў па іх віне. Разам з тым прычыны апазданняў гарадскіх аўтобусаў звязаны з непрадбачанымі абставінамі, такімі як заторы раніцай на нерэгулюемых скрыжаваннях, прымусовыя прыпынкі перад пешаходнымі пераходамі.

Да друку падрыхтаваў Казімір Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *