Працаваць на выдатна

Актуальное

IMG_8638 (Medium)— Тактычны, творчы, з ўсёй адказнасцю падыходзіць да справы, — расказвае пра свайго падначаленага дырэктар СШ № 1 Тамара Стома, — неаднойчы даваў адкрытая ўрокі для педагогаў раёна, ўзнагароджаны абласнымі і раённымі граматамі.
З такой станоўчай характарыстыкі адміністрацыі школы пачалося маё завочнае знаёмства з настаўнікам працоўнага навучання СШ № 1 Аляксандрам Пятроўскім.
Самога настаўніка знайшла на рабочым месцы — ў школьнай майстэрні, дзе ён рыхтаваўся да заняткаў. Верстакі і драўляныя нарыхтоўкі нагадалі школьныя дзянькі, калі мы, дзяўчаты, прыходзілі паглядзець на хлапчуковыя «шэдэўры».
Па словах Аляксандра Мікалаевіча, прафесію ён выбраў пад уплывам свайго бацькі Мікалая Іванавіча. Сам выдатны майстар, бацька з дзяцінства выхоўваў у хлопчыка любоў і зацікаўленасць да работы з дрэвам і перадаваў свае сакрэты. Таму пасля заканчэння Ахрэмаўскай сярэдняй школы Аляксандр паступіў у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на мастацка-графічны факультэт.
З багажом тэарэтычных ведаў і навыкамі творчага майстэрства малады настаўнік вярнуўся ў родныя мясціны і адразу ўладкаваўся ў гарадскую школу.
— Спачатку былі цяжкасці, — успамінае першы год работы Аляксандр Мікалаевіч, — бо далёка не ўсім нюансам сваёй прафесіі навучыўся ва ўніверсітэце.
Тым не менш, малады спецыяліст метадам спроб і памылак у хуткім часе зарэкамендаваў сябе як выдатны таленавіты спецыяліст і добрасумленны чалавек.
Да падрыхтоўкі ўрокаў А. Пятроўскі падыходзіць грунтоўна і творча: выкарыстоўвае прэзентацыі, навукова-папулярныя фільмы, пастаянную змену дзейнасці вучняў. Але ж галоўная задача настаўніка — навучыць хлопцаў трымаць у руках інструмент і прывіць элементарныя мужчынскія навыкі, каб потым змаглі хоць бы цвік убіць у сцяну.
Безумоўна, радасць педагога — адораныя дзеці, якія ў работу з дрэвам укладваюць сваю душу і з прагнасцю авалодваюць сакрэтамі майстэрства. Менавіта такія вучні разам са сваім настаўнікам сур’ёзна рыхтуюцца да алімпіяд і паказваюць добрыя вынікі.
Ужо з другога года сваёй работы Аляксандр Мікалаевіч удзельнічае ў алімпіядах абласнога тура, а ў гэтым годзе яго вучань Міхаіл Храпан узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Сам жа настаўнік адзначаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама.
— Калі пачынаеш справу, трэба яе давесці да канца, — дзеліцца сваім жыццёвым крэда А. Пятроўскі.
Таму ўсё, за што бярэцца настаўнік, ці гэта звычайны ўрок або школьнае абсталяванне, ці дэкарацыі для тэатральнага гуртка, атрымліваецца выдатна, зручна, прыгожа і практычна.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *