Не кліент для нас, а мы для кліента

Актуальное

IMG_0187 (Лабэцкая) (Small)Усё наша жыццё поўнае рызыкі. Аднак страты ад большасці непрадбачаных момантаў можна мінімізаваць з дапамогай страхавання. Яго стратэгічнай задачай з’яўляецца рэальная кампенсацыя страт, прычыняемых у выніку прыродных з’яў, катастроф, няшчасных і іншых выпадкаў. Купляючы страхоўку, вы не губляеце грошы, а атрымліваеце спакой і ўпэўненасць у тым, што, калі адбудзецца няшчасны выпадак, вам не давядзецца шукаць сродкі на аднаўленне маёмасці ці лячэнне.
Страхавы поліс сёння – выгадны інструмент фінансавай абароны, асноўныя задачы якой у нашым раёне выконваюць супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраха. Напярэдадні прафесіянальнага свята карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех пагутарыла з яго дырэктарам Валянцінай Турок пра вынікі работы калектыву, пра тое, ці спраўляюцца страхавыя работнікі з ускладзенымі на іх задачамі.
— Валянціна Францаўна, з якім настроем калектыў прадстаўніцтва сустракае сваё прафесіянальнае свята?
— З добрым. Справы ў нас ладзяцца. За 10 месяцаў 2013 года заключаны 32021 дагавор страхавання, з іх 19637 – па добраахвотных яго відах. Тэмп росту аб’ёмаў паступлення страхавых узносаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 133,6%. Аплацілі 1534 страхавыя кампенсацыі на суму 4,4 млрд. руб., або 56% ад атрыманых узносаў.
За пашкоджаныя пабудовы і маёмасць у выніку пажараў выплаты атрымалі 25 страхавальнікаў на суму 591,1 млн. руб.
— Аднак дзейнасць супрацоўнікаў прадстаўніцтва па аказанні страхавых паслуг накіравана не толькі на фізічных, але і юрыдычных асоб.
— Так, але доля ўзносаў ад фізічных асоб у нашым партфелі па добраахвотных відах страхавання складае 94,8%, а вось ад юрыдычных усяго 5,2%. І прычына ў тым, што некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый проста адмаўляюцца ад такіх паслуг, іншыя ж устрымліваюцца ад падобнага кроку з-за эканоміі сродкаў. Хоць мы прапануем для юрыдычных асоб шырокі спектр паслуг – страхаванне транспарту, сельскагаспадарчай тэхнікі, жывёлы, ферм і г.д. У ліку нашых надзейных кліентаў хачу назваць СВК “Маяк Браслаўскі” і падзякаваць кіраўніцтву за цеснае супрацоўніцтва. Астатніх жа запрашаю наладжваць з нашым прадстаўніцтвам кантакты.
— Наколькі ведаю, Белдзяржстрах сёння прапануе сваім кліентам больш за 40 відаў розных страхавых паслуг, пералік якіх пастаянна пашыраецца. Цяпер у многіх на слыху медыцынскае страхаванне. Раскажыце, калі ласка, пра яго перавагі.
— Праблемы са здароўем, на жаль, могуць у кожнага чалавека з’явіцца ў любы момант – у дарозе, дома, у час падарожжа за мяжу, паездкі на транспарце. Як правіла, такія сітуацыі застаюць знянацку. Белдзяржстрах прапануе заключыць дагавор на наступных відах медыцынскага страхавання: страхаванне медыцынскіх расходаў; ад няшчасных выпадкаў і хвароб на час паездкі за граніцу; ад няшчасных выпадкаў і хвароб. Хачу звярнуць увагу найперш на добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў. Страхавым выпадкам па ім з’яўляецца зварот па медыцынскія паслугі ў арганізацыі аховы здароўя па лячэбную, кансультацыйную, дыягнастычную і прафілактычную дапамогу. Страхавы поліс залежыць ад выбранай страхавой праграмы і сумы. Дадаткова ў страхавую медыцынскую праграму можна ўключыць медыкаментознае забеспячэнне, стаматалагічную дапамогу. Дагавор заключаецца як з фізічнымі, так і з юрыдычнымі асобамі. Для арганізацый і прадпрыемстваў гэта добры сацыяльны пакет для супрацоўнікаў.
— Думаю, што тых, хто пастаянна страхуе сваю маёмасць, і тых, хто перажыў так званы страхавы выпадак, у карысці страхавання пераконваць сёння не трэба. Аднак для таго, каб не згубіць пастаянных кліентаў, знайсці новых, не абысціся без шчырых і адданых сваёй справе работнікаў.
— Безумоўна. І з гордасцю скажу, што ўсе супрацоўнікі прадстаўніцтва стараюцца дарыць людзям спакой, упэўненасць у заўтрашнім дні. Яны вызначаюцца высокім прафесіяналізмам, ініцыятыўнасцю і гатовы ў любы момант прыйсці разам з Белдзяржстрахам на дапамогу кліентам. Такі падыход да прафесіянальных абавязкаў з’яўляецца гарантыяй актыўнага і паспяховага развіцця нашай арганізацыі. Не кліент працуе для нас, а мы для кліента. Гэтага правіла будзем прытрымлівацца і надалей.

На здымку: адказны спецыяліст, прафесіянал сваёй справы галоўны бухгалтар Марына Лабэцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *